Сіцылійская мафія планавала ўзарваць Пізанскую вежу
Такія планы мафія выношвала на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
Пра гэта паведаміў былы мафіёзі, які дае зараз паказанні ў судзе, перадае ВВС. Джаакіна Ла Барбера, які ў свой час стаў паліцэйскім інфарматарам, выступае сведкам на судовым працэсе, які высвятляе сувязі мафіі ў дзяржаўных органах Італіі.
Паводле яго слоў, план знішчыць "падаючую" Пізанскую вежу праваліўся толькі таму, што паліцыя выявіла выбухоўку, якая прызначалася для гэтай справы.
Тым не менш, прыблізна ў той жа час мафіі ўдалося арганізаваць выбух у знакамітай галерэі Уфіцы ў Фларэнцыі. Тады загінулі пяць чалавек і былі знішчаныя некалькі неацэнных карцін.
Лічыцца, што серыяй выбухаў у 90-х гадах "Каза Ностра" спрабавала прадэманстраваць італьянскаму грамадству, што яе ўплыў распасціраецца далёка за межы Сіцыліі.
Фота з сацыяльных сетак