Сікорскі: З краінамі-партнёрамі ЕС дзейнічае па прынцыпе “больш за большае”
Чым больш жадання супрацоўнічаць з Еўрасаюзам прадэманструюць краіны Усходняга партнёрства, тым больш шчодрым да іх будзе ЕС.
Менавіта так вызначыў прынцып узаемадзеяння з краінамі-удзельнікамі ініцыятывы "Усходняе партнёрства" міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас выступу на Форуме грамадзянскай супольнасці, які праходзіць у Вільні паралельна з форумам "Усходняга партнёрства".
Радаслаў Сікорскі: “Чым больш вы паказваеце жадання і здольнасці прызнаць нашу дапамогу ў мадэрнізацыі вашых інстытутаў, тым больш шчодрымі мы будзем. Ва "Усходнім партнёрстве" ёсць поўны спектр адносінаў у залежнасці ад узроўню зацікаўленасці і ўзроўню рэфармавання”.
Праўда, не трэба ўсю дапамогу Еўрасаюза вымяраць грашыма, раіць міністр замежных спраў Швецыі Карл Більд.
Карл Більд: “Не заўсёды гэта тычыцца вялізнай сумы грошай, мільярдаў, якія будуць перададзеныя краінам-партнёрам. Галоўным чынам, гэта нашыя высілкі па дапамозе тым, хто зацікаўлены ў дэмакратызацыі і мадэрнізацыі іх эканомікі. І мы ні чым не дапаможам тым, хто хоча захаваць палітыку застою і аўтарытарызму”.
Гэта палітыка “падзялення”, палітыка даваць “больш за большае” правільная, сцвярджае прадстаўнік Еўракамісіі Міхаэль Кёхлер. І яна будзе працягвацца.
Міхаэль Кёхлер: “У залежнасці ад іх жадання падпісаць з намі дамову (аб асацыяцыі — Еўрарадыё), у залежнасці ад жадання супрацоўнічаць з намі больш шчыльна. Палітыку “больш за большае” вы ўжо бачылі: паглядзіце на статыстыку прадстаўлення фінансавай дапамогі ЕС краінам "Усходняга партнёрства". Калі мы падзелім гэтую дапамогу на колькасць насельніцтва, то ўбачым, што Малдова атрымлівае найбольшую дапамогу ад Еўрасаюза ў параўнаннямі з усімі іншымі краінамі ў свеце. Зразумела, што гэта залежыць ад прагрэсу, ад іх усведамлення еўрапейскага выбару”.
Такая сістэма будзе працягвацца і ў будучым, папярэджваюць еўрапалітыкі. І дадаюць, што ў такой схеме супрацоўніцтва практычна няма месца для Беларусі. Калі яна не зменіць свайго стаўлення да пытання еўраінтэграцыі.