Сілавікі не пацвярджаюць затрыманне бізнесмена Уладзіміра Япрынцава
Паводле паведамленняў СМІ, саўладальнік кампаніі "Трайпл", нібыта, трапіў за краты пасля вяртання з Масквы, а яго катэдж апячатаны.
У Мінску супрацоўнікі КДБ пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення (верагодна, "Альфы") днямі затрымалі ўплывовага беларускага бізнесмена Уладзіміра Япрынцава, паведамляе інтэрнэт-рэсурс "Беларусі партызан". Паводле яго звестак, здарылася гэта пасля вяртання Япрынцава з Масквы.
"Наша ніва" дадае, што 17 жніўня ў Драздах быў апячатаны катэдж бізнесмена. Падставай для арышту маёмасці стала пастанова КДБ ад 12 жніўня. Аднак афіцыйна гэта пакуль не пацвярджаецца.
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова адзначыла ў каментары інтэрнэт-выданню Sputnik, што "ў Следчым камітэце не валодаюць інфармацыяй пра тое, што ён затрыманы". У іншых жа праваахоўных структурах ад каментароў устрымліваюцца. Партал tut.by піша, што "сілавыя структуры не пацвярджаюць затрыманне саўладальніка холдынга "Трайпл". Да самога Япрынцава датэлефанавацца не ўдаецца. У "Трайпле" і федэрацыі дзюдо кажуць, што ён "у ад'ездзе" ці "ў камандзіроўцы".
На сайтах КДБ і МУС на раніцу 20 жніўня ніякай інфармацыі пра магчымае затрыманне Уладзіміра Япрынцава няма.
Каментар палітолага Аляксандра Фядуты гл. тут.
Як вядома, Уладзімір Япрынцаў — "правая рука Чыжа", намеснік гендырэктара, саўладальнік кампаніі "Трайпл", якой кіруе вядомы беларускі бізнесмен Юрый Чыж (на здымку справа). Некаторыя СМІ абодвух называюць "алігархамі". Таксама Япрынцаў — старшыня двух грамадскіх арганізацый — Беларускай федэрацыі дзюдо і Беларускай федэрацыі самба. Ён — віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі самба, першы намеснік старшыні праўлення ФК "Дынама-Мінск". Уладзімір Япрынцаў у мінулым вядомы спартсмен — трохразовы чэмпіён свету і Еўропы па самба, уладальнік Кубка свету. Заслужаны трэнер Беларусі. Доктар філасофскіх навук, суаўтар кнігі "Нацыянальная самасвядомасць як інтэгратыўная прыкмета нацыі".
Япрынцаў нарадзіўся ў Ашхабадзе (Туркменістан) у 1961 годзе, у Мінск прыехаў паступаць у інстытут фізкультуры і тут застаўся. Ён жанаты, мае дзве дачкі і сына.
Япрынцаў і Чыж уручаюць Домрачавай ключы ад трохпакаёвай кватэры, 2014 г.
Фота: combat-sambo.by, tut.by, biathlon.by