Сілавікі вызначылі арганізатараў злачыннай групы "Рэвалюцыйнае дзеянне"
Пасольства Беларусі ў Варшаве / wikimedia.org
Следчы камітэт разам з ГУБАЗіКам і МУС вызначыў прадстаўнікоў арганізацыі "Рэвалюцыйнае дзеянне", якая "распальвае сацыяльную варожасць".
Паводле звестак следства, 29-гадовыя Раман Халілаў і Яўген Жураўскі разам з іншымі членамі злачыннай арганізацыі прыйшлі да амбасады Беларусі ў Польшчы не пазней за 29 верасня.
Група асоб паказвала тут розныя матэрыялы з інфармацыяй у падтрымку асоб, якія забілі супрацоўніка КДБ у Мінску. Таксама яны дэманстравалі звесткі, якія "загадзя накіраваныя на распальванне сацыяльнай непрыхільнасці і варажнечы, а таксама гераізуюць тэрарызм", заявілі ў СК.
Усе свае дзеянні сябры "Рэвалюцыйнага дзеяння" знялі на фота і відэа, а затым апублікавалі іх у інтэрнэце.
Паводле інфармацыі следчых, Халілаў і Жураўскі як мінімум з 2017 года актыўна ўдзельнічаюць у анархісцкім руху. Цяпер супраць іх распачатая крымінальная справа за распальванне сацыяльнай варажнечы. У найбліжэйшы час яны будуць абвешчаныя ў вышук.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.