Сілавікі "зачысцілі" "Плошчу Перамен" і разбурылі мемарыял Раману Бандарэнку
Сілавікі акружылі "Плошчу Перамен" / Еўрарадыё
Сілавікі "зачысцілі" "Плошчу Перамен". Журналіст Еўрарадыё паведамляе, што людзей у вядомым сваімі пратэстнымі настроямі двары не засталося — затрымалі ўсіх, хто ахоўваў мемарыял. Іх пагрузілі ў аўтобусы і аўтазакі, пры чым некаторым прыйшлося адстаяць у аўтазак чаргу. Да таго ж, затрыманых было столькі, што яны проста не змяшчаліся ў спецтранспарт — некаторых запіхвалі туды дубінкамі.
Чалавек з мегафонам, які "вёў перамовы" з пратэстоўцамі на "Плошчы пераменаў", крычаў прыкладна так:
"Не хвалюйцеся, мы не будзем вас расстрэльваць. Мы проста пойдзем у міліцыю і праверым дакументы".
Нічога не нагадвае?
Сам мемарыял, куды тысячы мінчан неслі кветкі і лампадкі, цалкам разбураны: людзі ў чорным сабралі плакаты, палаткі, кветкі і свечкі.
Зараз сілавікі ходзяць па пад'ездах і кватэрах "Плошчы пераменаў". Паведамляецца пра затрыманні. Само месца, дзе быў мемарыял, ахоўваюць вайскоўцы са шчытамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.