Сірэны замест смс-папярэджанняў: што не так з прапановай Крутога
Дзмірый Крутой падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць
Новы кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі прапаноўвае папярэджваць беларусаў пра небяспечныя ўмовы надвор’я сірэнамі.
"СМС-рассылкі, якімі займаецца МНС, выклікаюць у грамадзян усмешку, гэта значыць гэтая сістэма неэфектыўная. Таму з калегамі з МНС думаем фактычна пра фармат ваеннага часу — апавяшчальнікі, гучныя сірэны, якія будуць імгненна ўключацца пры такіх ураганных вятрах і патэнцыйна бачных страшных з'явах”, — заявіў Дзмітрый Крутой.
Чыноўнік упэўнены, што сірэны змогуць прымусіць людзей "бегчы ў сховішча". Аднак, як заўважае выданне "Флагшток", заява Крутога з'яўляецца маніпуляцыяй і спробай перакласці віну за наступствы ад урагану на саміх беларусаў. Маўляў, рассылка МНС — неэфектыўная, і людзі на яе не звяртаюць увагу.
"У рэальнасці жыхары Гомельскай вобласці не атрымлівалі смс-паведамлення аб надыходзячай буры 14 ліпеня, — сцвярджае выданне. — У выніку ў жыхароў рэгіёну не было магчымасці падрыхтавацца да ўраганнага ветру: дзяцей у лагерах выводзілі на прагулкі, аўтамабілі стаялі пад дрэвамі".
У выніку стыхіі загінула 6 чалавек. Ад шторму пацярпела 900 населеных пунктаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.