СК завяршыў расследаванне справы затрыманых студэнцкіх актывістаў
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць людзей, якія арганізоўвалі студэнцкія акцыі пратэстаў.
"У якасці абвінавачваных прыцягнута 12 чалавек. Сярод іх студэнты, выкладчык і сябра так званай Каардынацыйнай рады. Пытанні арганізацыі пратэсных акцый абмяркоўваліся са Святланай Ціханоўскай", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК.
Гаворка, як можна меркаваць, ідзе пра студэнцкіх актывістаў, выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву і Алану Гебрэмарыям — прадстаўніцу Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў. Усіх іх 12 лістапада затрымалі супрацоўнікі КДБ.
Гэта:
Марыя Каленік, БДАМ;
Ксенія Сырамалот, БДУ;
Кася Будзько, БДПУ;
Яна Арабейка, БДПУ;
Ягор Канецкі, БДУ;
Глеб Фіцнер, МДЛУ;
Ілля Трахтэнберг, адлічаны студэнт БДУ;
Вікторыя Гранкоўская, адлічаная студэнтка БНТУ;
Анастасія Булыбенка, адлічаная студэнтка БНТУ;
Таццяна Якельчык, БДУ.
Паводле СК, затрыманыя актывісты былі каардынатарамі пратэстаў, адміністравалі тэматычныя тэлеграм-каналы, самі заклікалі да ўдзелу ў акцыях пратэсту, выраблялі і распаўсюджвалі ўлёткі з заклікамі. Акрамя таго, як заяўляе СК, гэтыя ж актывісты "кіравалі ўдзельнікамі, займаліся іх падрыхтоўкай і матэрыяльным забеспячэннем, паведамлялі пра перамяшчэнні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.