Скандал: Егіпет заявіў, што не знайшоў доказаў тэракту на борце A321
14 снежня Егіпет заявіў, што не знайшоў доказаў тэракту на борце расійскага пасажырскага самалёта A321. 31 кастрычніка ён выконваў рэйс з Шарм-эль-Шэйху ў Санкт-Пецярбург і разбіўся на Сінайскім паўвостраве. Усе 224 чалавекі, якія былі на борце, загінулі.
Як інфармуе meduza.io, Міністэрства грамадзянскай авіяцыі Егіпта падрыхтавала папярэдні даклад па выніках расследавання авіякатастрофы. З яго вынікае, што пакуль не знойдзена нічога, "што б сведчыла пра незаконнае ўмяшальніцтва ці дзеянні тэрарыстаў".
Як паведамляла Еўрарадыё, у сярэдзіне лістапада кіраўнік ФСБ Расіі Аляксандр Бортнікаў абвесціў, што пасажырскі самалёт быў знішчаны ў выніку тэракту. Пасля гэтага было спыненае авіяспалучэнне Расіі з Егіптам. 14 снежня прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў яшчэ раз нагадаў, што расійскія спецслужбы лічаць, што прычынай катастрофы А321 стаў тэракт.
Адказнасць за выбух на борце пасажырскага самалёта ўзяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава".
Фота: AFP