Скандал у ЕС: сетка супермаркетаў папулярызуе стэйкі з аленяў
Алені, якія ў многіх асацыююцца з Калядамі, нечакана аказаліся пад пагрозай. Усё з-за новых гастранамічных трэндаў.
“Занепакоеныя тым, што жывёл ледзь хапае, каб задаволіць унутраныя патрэбы, фінскія вытворцы аленяў адмовіліся ад замовы нямецкай кампаніі на 100 тысяч галоў, якія адправіліся б на абедзенны стол”, — паведамляе фінская тэлекампанія YLE.
Сапраўды, сама Фінляндыя вымушана экспартаваць аленяў з Расіі. У той жа час пачаставацца фінскімі аленямі хочуць не толькі немцы, але і французы з іспанцамі. У Вялікабрытаніі ж пакуль да незвычайнай стравы ставяцца асцярожна: пяць гадоў таму разгарэўся скандал, калі высветлілася, што шведскі мэблевы гігант ІКЕА прадае салямі, якое ўтрымлівае аленіну. Але і тут нічога не могуць зрабіць з буйной нямецкай сеткай супермаркетаў Lidl, якая перад Калядамі пачала прадаваць аленевыя стэйкі ў Брытаніі за 7,99 фунта. Перадкалядная спецпрапанова спадабалася не ўсім.
“Я думаю, што гэта вар’яцтва, і дзве мае дачкі будуць вельмі засмучаныя, калі даведаюцца пра гэта. Калі рэкламны буклет заляцеў у нашы дзверы, я занерваваўся, калі шчыра”, — абураецца адзін з жыхароў Бірмінгема.
Вядома, што не ўражаныя палітыкай сеткі крамаў і абаронцы жывёл. Яны сцвярджаюць, што “навінка” ў крамах ставіць пад пагрозу і… ваўкоў з мядзведзямі.
“Кладучы мяса аленяў на брытанскія прылаўкі, Lidl не гаворыць кліентам, што разам з гэтым адбываецца сістэматычнае паляванне і адстрэл іншых жывёл”, — кажа Джасцін Кэрсвел з жывёлаабарончай і вегетарыянскай групы Viva!
А прадстаўнікі Lidl на выпады і прэтэнзіі адказваюць, што ўсе свае прадукты яны вырабляюць у адпаведнасці з Дырэктывамі ЕС. І кажуць пра папулярнасць аленіны сярод кліентаў. А экзатычны пастаўшчык мяса Kezie паведамляе, што цяпер з-за вялікага попыту ён прапануе “далікатнае і сакавітае” мяса круглы год, прадаючы ўсё: ад аленевых каўбас і стэйкаў да фрыкадэлек і фаршу.
Фота: greenpeace.org