Складзены спіс краін, бяспечных для падарожжа беларусаў-вымушаных эмігрантаў
Карта, ілюстрацыйнае фота
Народныя пасольствы Беларусі сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай склалі спіс краін, бяспечных для падарожжаў беларусаў-эмігрантаў. Гаворка ідзе пра тых, хто вымушана апынуўся за мяжой пасля падзеяў 2020 года, і каго могуць шукаць беларускія ўлады.
Сярод краін, якія не рэкамендуюць да наведвання ў Еўропе — Расія, Сербія, а таксама Боснія і Герцагавіна. У Азіі такіх краінаў значна больш. Гэта ў тым ліку амаль усе краіны СНД, а таксама ААЭ, Тайланд, Індыя, Кітай і многія іншыя. Поўны спіс краін, куды можна, а куды не варта ездзіць апублікаваны тут.
Пры гэтым складальнікі гэтага спісу зазначаюць, што інфармацыя мае чыста рэкамендацыйны характар і заснавана на аналізе дадзеных аб пагадненнях, заключаных паміж Беларуссю, Расіяй і іншымі краінамі, верагоднасці арышту беларускіх грамадзян, а таксама бягучых адносін паміж урадамі іншых краін і рэжымаў у Беларусі і Расіі. Але 100%-най гарантыі бяспекі ў рэкамендаваных краінах складальнікі спісу даць не могуць. Яны зазначаюць, што, "калі вас шукае Інтэрпол, то нават у бяспечнай краіне, якая не супрацоўнічае з аўтарытарнымі рэжымамі па палітычных пытаннях, вас затрымаюць". Пакуль службы гэтай краіны будуць разбірацца, ці з'яўляецца справа палітычнай, затрыманага пакінуць пад арыштам. Складальнікі спісу нагадваюць, што беларускі рэжым часта "маскіруе" палітычныя пераследы іншымі крымінальнымі абвінавачаннямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.