Следчы камітэт адмовіўся пачаць крымінальную справу за катаванні на Акрэсціна

Следчы камітэт адмовіўся пачаць крымінальную справу за катаванні на Акрэсціна

Следчы камітэт закончыў праверку па скаргах на злоўжыванне сілай з боку міліцыянтаў пры затрыманнях і падчас утрымання у ІЧУ і ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама (на Акрэсціна). Падставаў для таго, каб пачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, следчыя не знайшлі, кажа прэс-служба СК.

Затое яны выявілі, што пададзеныя заявы нібыта маюць "кіраваны характар". 

Следчыя прызналі, што супрацоўнікі сілавых органаў ужывалі фізічную сілу і спецсродкі. Але гэта было,маўляў, "у адпаведнасці з патрабаваннямі Закона "Аб органах унутраных спраў" і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Выбраныя супрацоўнікамі праваахоўных органаў сродкі і спосабы былі сувымерныя, ужываліся з намерам прычынення найменшай шкоды ў існуючай абстаноўцы". Такім чынам, караць сілавікоў за збіццё — няма за што.

Таксама ў СК заяўляюць, што паведамленні ў Тэлеграм-каналах пра "перавышэнні службовых паўнамоцтваў, якія выявіліся ў катаваннях, сэксуальных здзеках, свайго аб'ектыўнага пацверджання не знайшлі".

Паведамляецца, што на Акрэсціна (у ЦІП і ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама) з 9 да 15 жніўня 2020 года даставілі больш за 2000 затрыманых. 680 з іх падалі заявы пра супрацьпраўныя дзеянні сілавікоў. 

"Пераважная большасць заяўнікаў — гэта грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў, якія не працуюць, індывідуальныя прадпрымальнікі і студэнты. Частка з іх раней прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, у тым ліку за гвалтоўныя злачынствы", — заяўляюць у СК.

Прэс-служба Следчага камітэта падкрэслівае, што людзі самі вінаватыя ў тым, што ўдзельнічалі ў масавых акцыях. І рабілі гэта, нібыта, каб атрымаць прытулак за мяжой: "Падчас правядзення праверкі выяўленыя дзясяткі асоб, якія наўмысна і свядома парушалі грамадскі парадак, ствараючы ўсе ўмовы для ўжывання да іх супрацоўнікамі фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў. Мэта такіх дзеянняў — далейшы выезд для пастаяннага пражывання ў краіны Еўрасаюза, пасля звароту з заявай. Задакументаваны факт звароту выкарыстоўваўся як фіктыўны інструмент для атрымання "палітычнага прытулку" ў іншых краінах".

Пры гэтым у СК прызнаюць, што многія з затрыманых траплялі на Акрэсціна ўжо з траўмамі. Аднак следчыя заяўляюць, што ўсім, хто меўпатрэбу, аказвалі медыцынскую дапамогу. 

Такім чынам шматлікія сведчанні пра здзекі з затрыманых і нечалавечыя ўмовы ўтрымання на Акрэсціна СК проста праігнараваў.

Дарэчы, Лукашэнка на сваёй нядаўняй прэс-канферэнцыі заявіў, што міліцыянты на Акрэсціна білі затрыманых. !н патлумачыў гэта тым, што затрыманыя нібыта былі крымінальнікамі, якія пабачылі сваіх ворагаў-міліцыянтаў і кінуліся на іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі