Следчы камітэт: Коржыча знайшлі з майкай на галаве і звязанымі нагамі
У пятніцу, 13 кастрычніка, пра гучную справу аб гібелі ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча распавёў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. Ён паведаміў, што хлопец з 17-га верасня знаходзіўся ў медчастцы на лячэнні, адкуль яго выпісалі 26 верасня. З таго часу пра яго нічога не было вядома да 3 кастрычніка, калі яго знайшлі павешаным. Кабаковіч пацвердзіў, што ў павешанага салдата на галаве была майка, а ногі былі звязаныя шнурком.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта распавёў пра тры версіі, якія разглядаюцца: давядзенне да самагубства, як следства нестатутных адносін; забойства па матывах асабістых непрыязных адносін; самазабойства з-за псіхалагічнай траўмы.
Адзначаецца, што ўжо дапытана каля двух дзясяткаў вайскоўцаў. Ніхто не сказаў, што ў салдата былі думкі пра самагубства. Заяўляецца, што камандзір аддзялення, сяржант “ставіў Коржыча ў больш прывілегіяванае становішча”. Салдат перадаваў сяржанту тэлефон, прадукты харчавання, цыгарэты. Кабаковіч: “Сумы пабораў складалі ад 20 да 40 рублёў”.
Пацверджана, што двое сяржантаў — падазраваныя па справе. “Прымаецца рашэнне аб іх затрыманні”, — сказаў Сяргей Кабаковіч. Паводле яго слоў, прынята рашэнне аб распачацці крымінальнай справы ў адносінах старшыны, прапаршчыка роты (артыкул — “Махлярства”). Следства ўстанавіла, што ён скраў з банкаўскай карткі Аляксандра Коржыча больш за 180 рублёў. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, плануецца затрыманне прапаршчыка.
Прызначана комплексная экспертыза па даследаванні адзення салдата, слядоў у памяшканні, дзе знайшлі цела. У бліжэйшы час будуць дапытаныя больш за 60 чалавек-вайскоўцаў роты, з якімі служыў Коржыч. Таксама дапытаюць больш за сотню чалавек з медроты. Прызначана і пасмяротная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза салдата.