Следчы камітэт: папярэдняя версія гібелі нявесты са Слуцка — самагубства

Следчы камітэт: папярэдняя версія гібелі нявесты са Слуцка — самагубства

Следчы камітэт пракаментаваў трагедыю, якая здарылася на вяселлі ў Слуцку. 23 чэрвеня каля першай гадзіны ночы 37-гадовую нявесту знайшлі мёртвай. Папярэдняя версія следчых — Алена К. учыніла суіцыд.

“Па факце гібелі жанчыны Слуцкі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку, у межах якой устанаўліваюцца ўсе абставіны і дакладныя прычыны яе смерці. Па папярэдніх даных, жанчына пайшла з жыцця па сваёй волі”, — распавяла Еўрарадыё галоўная інспектар па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

Пара пазнаёмілася год таму на свята Сёмухі ў агульнай кампаніі дзякуючы сябру жаніха. Прапанову мужчына зрабіў арыгінальна: ён ведаў, што ў каханай жанчыны хобі — вырошчваць ружы. Ён падарыў ёй куст руж, якога яна не мела, і пры гэтым сказаў: “Выходзь за мяне, і ты маеш два адказы — “так” або “так”. Мядовы месяц маладыя планавалі бавіць у сямейным коле.

Паводле інфармацыі “Нашай нівы”, гэта быў чацвёрты шлюб жанчыны. Жаніх быў значна маладзейшы за жонку — прыкладна на 10 гадоў.

У загінулай засталося чацвёра дзяцей, двое з іх непаўналетнія.

Вядома, што вяселле адзначалі дома ў маладых. Каля гадзіны ночы нявеста ўчыніла скандал за сталом, пасварылася з гасцямі. Госці выйшлі на вуліцу: пакурыць і правесці кагосьці. Жанчына засталася ў доме. Праз пару хвілін там раптам згасла святло. Спачатку ўсе падумалі: можа, Алена К. вырашыла пайсці спаць. Яе сын-падлетак зайшоў у дом і знайшоў там цела маці.

Жанчына не пакінула перадсмяротнай запіскі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі