Следчы камітэт — пра крымінальную справу былога палітвязня Паліенкі

Следчы камітэт — пра крымінальную справу былога палітвязня Паліенкі

Следчы камітэт распавёў пра крымінальную справу былога палітвязня, актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенкі. Яго жорстка затрымалі праваахоўнікі ў масках і з аўтаматамі раніцай 20 сакавіка. Са слоў сяброўкі Змітра Насты Гусевай было вядома, што тыдзень таму Паліенка на лесвічнай пляцоўцы чакаў свайго сябра. Да яго стаў чапляцца п'яны агрэсіўны мужчына, які пачаў выказваць абразы, а затым нанёс удар па твары. У адказ Зміцер распыліў пярцовы балончык.

Па версіі Следчага камітэта, здарэнне адбылося ўвечары 13 сакавіка ў пад'ездзе дома па вуліцы Гурскага. "Неўстаноўлены грамадзянін у адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад'ездзе распыліў яму ў твар газ з газавага балончыка. Падазроны быў затрыманы 20 сакавіка супрацоўнікамі міліцыі", — інфармуе СК. У кватэры затрыманага правялі ператрус, праводзяцца следчыя дзеянні. Паліенку (у паведамленні СК прозвішча не называецца) абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве.

Змітру Паліенку 24 гады. Упершыню быў затрыманы міліцыяй падчас маўклівых акцый пратэсту ў Мінску летам 2011-га. Пасля былі шматлікія прэвентыўныя затрыманні, адміністрацыйныя арышты, штрафы за несанкцыянаваныя пікеты, графіці. Праваабарончай арганізацыяй Amnesty International прызнаваўся вязнем сумлення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі