На экс-палітвязня Змітра Паліенку пачалі крымінальную справу
20 сакавіка каля 10-й гадзіны раніцы быў жорстка затрыманы актывіст анархісцкага руху і былы палітвязень Зміцер Паліенка, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Хлопца падазраюць у асабліва злосным хуліганстве, распавяла яго сяброўка Наста Гусева.
Па словах дзяўчыны, Паліенку затрымлівалі людзі з аўтаматамі, у бронекамізэльках і масках. "Адразу павалілі Змітра на падлогу тварам уніз, надзелі кайданкі. Затым выбілі дзверы ў суседні пакой, пачалі праводзіць вобшук. Паведамілі, што супраць Змітра заведзена новая крымінальная справа за асабліва злоснае хуліганства”, — паведаміла дзяўчына.
Нагодай для справы стаў інцыдэнт тыднёвай даўніны. Тады Паліенка на лесвічнай пляцоўцы чакаў свайго сябра, і да яго, па словах дзяўчыны, стаў чапляцца п'яны агрэсіўны мужчына. "Таму проста не падабалася, што той там стаіць. Ён абражаў Змітра, а затым ударыў яго па твары. Тады Зміцер распыліў пярцовы балончык", — распавяла Наста.
Ператрус у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У яго забралі ўсю тэхніку (камп'ютар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г.д. У Насты Гусевай, якая была ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільнік.
Пасля ператрусу Паліенку затрымалі і павезлі ў ГОМ-2.