Службы РБ падкінулі цела мігранта ў Польшчу — намеснік міністра ўнутраных спраў
Польская мяжа, ілюстрацыйнае фота
Службы РБ падкінулі цела памерлага мігранта на польскую тэрыторыю. Пра гэта ў інтэрв'ю PAP расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык.
"Калі мы ў дыскусіі падчас грамадскіх слуханняў засяродзіліся на пытанні смерці на мяжы, беларусы разыгралі гэтую карту і проста падкінулі нам памерлага чалавека ля памежнага плота. Вядома, гэта быў элемент гібрыднай вайны і праверка нашай рэакцыі. Мы прынялі цела, каб апазнаць яго і пахаваць, як абвяшчаюць нашы каштоўнасці. Беларусы адмовіліся прыняць яго назад. Гэта іх гульня", — заявіў польскі чыноўнік. Дату здарэння ён не назваў.
Памежны камітэт Беларусі, дарэчы, неаднаразова вінаваціў польскіх памежнікаў у жорсткім абыходжанні з мігрантамі, іх выдварэнні на тэрыторыю нашай краіны, а таксама смерці мігрантаў.
Душчык у сваім інтэрв'ю таксама пацвердзіў, што польскі ўрад плануе часова прыпыніць права мігрантаў на падачу заяў на прытулак. Гэтыя меры нядаўна афіцыйна падтрымала Еўракамісія. Паводле намесніка міністра, такія меры будуць уведзеныя, калі пад пагрозай апынецца тэрытарыяльная цэласнасць дзяржавы: "Калі мы маем справу з такой пагрозай, г.зн. не кантралюем тэрыторыю, напрыклад, праз агрэсію вялікай групы людзей (інструменталізацыя/вепанізацыя міграцыі), то бок цэласнасць дзяржавы знаходзіцца пад пагрозай — мы ўвядзем гэтую пастанову".
Як прыклад такой сітуацыі ён назваў штурм мігрантамі памежнага пераходу "Кузніца" ў 2021 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.