Мігранты спрабавалі трапіць у Польшчу з РБ праз закрыты памежны пераход
Іранцы штурмуюць беларуска-польскую мяжу
Мігранты спрабавалі трапіць у Польшчу з Беларусі праз закрыты памежны пераход. Відэа інцыдэнта апублікавалі польскія памежнікі. На ім відаць, як група мужчын штурмуе турыстычны веласіпедна-пешаходны пункт пропуску ў Белавежскай пушчы.
"Мігрантам, якія перасякалі мяжу ў недазволеным месцы, дапамагалі трое памагатых, якія затым адышлі да пераходу з беларускага боку, узяўшы з сабой лесвіцы, па якіх мяжу перасякалі", — каментуюць польскія памежнікі.
Мяжу нелегальна перайшлі 10 іранцаў. Усіх іх на польскім баку затрымалі.
Як вядома, Польшча (як і ўвесь ЕС) ускладае адказнасць за міграцыцны крызіс на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ён дзейнічае сумесна з РФ. Згаданы крызіс стаў прычынай увядзення супраць Беларусі санкцый, закрыцця на межах з краінамі ЕС пунктаў пропуску. "Нягледзячы на тое, што тэрыторыя на мяжы з беларускага боку з'яўляецца зонай, даступнай толькі беларускім службам, увесь час там з'яўляюцца людзі, якія спрабуюць нелегальна пранікнуць у Польшчу", — адзначае Польская памежная служба пасля апошняга здарэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.