Смаргонскага настаўніка звольнілі за тое, што расказаў на ўроку пра БЧБ-сцяг

Смаргонскага настаўніка звольнілі за тое, што расказаў на ўроку пра БЧБ-сцяг

Настаўніка гісторыі Андрэя Пятроўскага звольнілі з гімназіі ў Смаргонях, хаця мужчына мае амаль 20 гадоў педагагічнага стажу.

У гутарцы з "Нашай Нівай" настаўнік расказаў, што прычынай звальнення стаў расповед пра бел-чырвона-белы сцяг. Настаўнік расказаў пра яго на ўроку грамадазнаўства ў 11-м класе. 

"Напярэдадні ў 11-м класе быў урок грамадазнаўства. Тэма — "Сістэма міжнародных адносін". Мне дзеці задавалі пытанні, як суадносіцца нейтральны статус дзяржавы з удзелам у АДКБ. Я кажу, што ёсць розныя версіі. Пыталіся і пра сімвалы, у тым ліку бел-чырвона-белы сцяг.

Многія ж не ведаюць нават, што ў нас калісьці былі іншыя сімвалы. Дзеці пытаюцца, дык мне што, не адказваць? У мяне і пра крымінальную адказнасць, і пра адміністрацыйную пытаюцца. Я не прыдумваю нічога, даю толькі правераную інфармацыю", — кажа Пятроўскі.

Адзін з вучняў — сын мясцовай чыноўніцы запісаў урок Пятроўскага і выклаў запіс у "сямейным чаце". Пасля гэтага ў настаўніка пачаліся праблемы. 

Пятроўскі кажа, што частка бацькоў заступалася за яго, іншыя прапаноўвалі звольніць. А чыноўніца, па яго словах, даўно мела на яго зуб. "Ну, як зуб? Не хацелі вучыцца, а хацелі адзнаку мець", — тлумачыць настаўнік.

Па словах Пятроўскага, прэтэнзіі да яго маглі быць і раней: ён адзіны настаўнік у школе, які не ўваходзіў у афіцыйны прафсаюз, не выпісваў дзяржаўныя газеты. "Я зрабіў кабінет гісторыі, дзе былі і Алег Трусаў, і Зянон Пазняк, і сцяг", — расказвае ён.

Працаваць далей у сістэме адукацыі Пятроўскі не плануе. Ён кажа, што настаўнікаў гісторыі ў раёне бракуе, але на працу яго не возьмуць. 

Андрэю Пятроўскаму 46 гадоў, ён скончыў БДУ і Акадэмію кіравання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі