СМІ: Беларусь купіць у Расіі 12 знішчальнікаў Су-30СМ за 600 млн долараў
Беларусь купіць у Расіі 12 знішчальнікаў Су-30СМ за 600 мільёнаў долараў. Пра гэта піша расійская газета “Ведомости”. Адзначаецца, што гэта першы кантракт на пастаўку нашай краіне баявых самалётаў з 2015 года.
Пра тое, што Беларусь набудзе ў Расіі сучасныя знішчальнікі Су-30СМ, стала вядома 20 чэрвеня. Аднак колькасць самалётаў і іх кошт не паведамляліся. Су-30СМ прызначаны для знішчэння марскіх, паветраных і наземных аб’ектаў у любы час сутак і пры самых розных умовах надвор’я.
Расійскае выданне піша, што знішчальнікі выпускае карпарацыя “Іркут”. Здзелка была заключана наўпрост без удзелу расійскага дзяржпасярэдніка. Адзначаецца, што гэта найбуйнейшы аднаразовы кантракт па закупцы Беларуссю расійскіх узбраенняў. Пры пастаўцы самалётаў Беларусь выкарыстае расійскія крэдыты. Пастаўляць будуць па 4 Су-30СМ на год, таму вялікай нагрузкі на бюджэт не будзе.