СМІ: У Расіі раскрылі буйную сетку паставак з Беларусі санкцыйнага харчавання

СМІ: У Расіі раскрылі буйную сетку паставак з Беларусі санкцыйнага харчавання

У Расіі Федэральная мытная служба раскрыла буйную сетку паставак з Беларусі санкцыйнага харчавання, піша РБК. Быў складзены спіс з 29 расійскіх кампаній, якія займаюцца яго продажам. Высветлілася, што большасць з іх былі зарэгістраваныя ў апошнія тры гады, значная колькасць заснавальнікаў — беларусы. Але ад пачатку іх вылічвалі не па нацыянальнасці заснавальнікаў, а па іх кантрактах з адным з трох беларускіх пастаўшчыкоў — РУП “Белмытсервіс”, ААТ “Газ Венчурэ” і ААТ “Глобалкастом”. Яны спецыялізуюцца на ўвозе ў Беларусь прадукцыі, якая ў Расіі забаронена. РБК у згаданых кампаніях альбо не далі каментароў, альбо катэгарычна адмаўлялі пастаўкі санкцыйнай прадукцыі ў РФ.

Ад жніўня 2015-га да жніўня 2017 года расіяне затрымалі больш за 16,5 тысячы тон кантрабанднай садавіны і гародніны, больш за 600 тон мяса і сыру. Нярэдка выяўлялася змененая маркіроўка краіны паходжання тавару. У асноўным гэтыя грузы везлі з Беларусі. Колькі іх не затрымалі, падлічыць немагчыма.

Было падлічана, што з пачатку 2015 года з Расіі ў Беларусь за пастаўкі харчавання перавялі больш за 125 мільёнаў долараў. Цяпер жа расіяне з дапамогай Цэнтрабанка збіраюцца заблакаваць такія пераводы, каб абцяжарыць разлікі. Таксама ў Расіі збіраюцца зрабіць немагчымым атрыманне грамадзянамі Беларусі і Казахстана дэкларацый на санкцыйную прадукцыю (заканадаўства гэта не забараняе). Для атрымання дакумента трэба прад’явіць узоры прадукцыі, а ўвезці яе легальна немагчыма. Прававую магчымасць выкарыстання гэтай схемы ліквідуюць. Аднак ёсць і іншыя схемы. Самая папулярная — увоз тавараў па падробленых фітасанітарных сертыфікатах нейкай афрыканскай краіны. Таксама практыкуецца “транзіт” тавараў у Казахстан, але яны туды не даязджаюць — прадаюцца ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі