СМІ: Юрый Чыж выпушчаны пад хатні арышт. Юрысты абвяргаюць інфармацыю
Заснавальніка групы кампаній "Трайпл", бізнесоўцу Юрыя Чыжа выпусцілі пад хатні арышт, паведамляе "Наша Ніва", спасылаючыся на свае крыніцы. Выданне піша, што некалі блізкі да Лукашэнкі алігарх жыве пазбягаючы кантактаў не толькі з сябрамі, але і з некаторымі кроўнымі сваякамі.
Пасля публікацыі навіны юрысты "Ракаўскага бровара" і "Трайпла" абверглі інфармацыю пра хатні арышт:
"Мы не даем ніякіх каментароў з нагоды затрымання Юрыя Аляксандравіча. Адзінае, што можам сказаць — на гэты момант ён пад хатні арышт не адпушчаны".
Юрыя Чыжа арыштавалі ў сакавіку 2021 года. Разам з ім былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній, якія засталіся ў бізнесмена пасля разгрому яго бізнесу. "Наша Ніва" піша, што цяперашняя крымінальная справа супраць бізнесмена звязаная са справай 2016-га года — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Гэта тады Лукашэнка распавядаў, што Чыж спрабаваў збегчы з краіны, гонячы ў бок мяжы 200 кіламетраў на гадзіну.
Чыж прызнаў віну і кампенсаваў шкоду, таму справа да суда не дайшла. Да гэтага моманту ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнес-партнёрам, якія спаганялі даўгі праз суд. Але Чыж нібыта плаціць не спяшаўся, хоць і меў прыбытак ад некаторых сваіх кампаній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.