СМІ: З'явілася новая версія прычыны катастрофы расійскага Ту-154

СМІ: З'явілася новая версія прычыны катастрофы расійскага Ту-154

З'явілася новая версія прычыны катастрофы ў Чорным моры расійскага пасажырскага самалёта Ту-154, падчас якой загінулі 92 чалавекі. Як піша газета "Коммерсант", нештатная сітуацыя на борце магла адбыцца з-за таго, што не ўдалося прыбраць закрылкі. Да такой версіі спецыялісты прыйшлі пасля расшыфроўкі "чорнай скрыні" самалёта, якую знайшлі ў моры. Выданне спасылаецца на крыніцу, блізкую да расследавання авіякатастрофы.

Як вядома, закрылкі Ту-154 забяспечваюць дадатковую пад'ёмную сілу на крылах лайнера пры ўзлёце. Пасля адмовы сістэмы іх прыборкі, кажа ананімны спецыяліст, самалёт пачаў пікіраваць і пілоты спрабавалі выправіць сітуацыю, моцна падняўшы нос Ту-154. Але толькі "пагоршылі сітуацыю да крытычнай". Дарэчы, у СМІ з'явілася расшыфроўка размовы пілотаў у момант катастрофы. Адзін з іх згадвае закрылкі і страту вышыні.

Іншыя эксперты ў галіне авіяцыі, з якімі паразмаўляў "Коммерсант", кажуць, што сітуацыя з незакрытымі закрылкамі не можа лічыцца катастрофай. Яна рэгулярна адпрацоўваецца экіпажамі на трэнажорах.

Следства разглядае некалькі версій прычын авіякатастрофы, у тым ліку магчымы тэракт, парушэнне цэнтроўкі падчас узлёту, сутыкненне з птушкамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі