Спадкаёмцы Гебельса хочуць грошай за цытаты з яго дзённікаў

Спадкаёмцы Ёзэфа Гебельса, міністра прапаганды пры Гітлеры, падалі ў суд на амерыканскае выдавецтва Random House, якое выдала біяграфію гэтага дзеяча з выкарыстаннем яго выказванняў.

Біяграфія змяшчае шматлікія вытрымкі з дзённікаў нацыста, якія абароненыя аўтарскімі правамі да канца гэтага года, інфармуе ВВС. Гэтымі правамі валодае Кордула Шахт, дачка нацысцкага міністра Ялмара Шахта.

Першапачаткова выдавецтва пагадзілася выплаціць ганарар у памеры 1% ад чыстага рознічнага кошту, але затым заявіла, што не будзе нічога плаціць спадкаёмцам ваеннага злачынцы — з маральных меркаванняў. Іншыя замежныя выдавецтвы звычайна плацяць за выкарыстанне ўрыўкаў з дзённікаў.  

Жыццяпіс Гебельса быў выдадзены ў Германіі ў 2010 годзе і павінен быў выйсці ў траўні ў англійскім перакладзе.

Аўтар біяграфіі Пітэр Лонгрыч, прафесар нямецкай гісторыі, заявіў, што прыватныя асобы не павінны мець кантролю над важнымі гістарычнымі дакументамі. Аднак юрысты сумняюцца, што закон аб аўтарскім праве можа парушацца з маральных меркаванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі