Спецбатальён па ахове Беларускай АЭС пачаў службу ў Астраўцы
Спецбатальён па ахове Беларускай АЭС пачаў службу ў Астраўцы. У новую вайсковую частку ўжо прыбыла першая група падрыхтаваных вайскоўцаў-кантрактнікаў, афіцэраў і прапаршчыкаў. А салдат тэрміновай службы туды прымаць не спяшаюцца, паколькі для іх яшчэ няма "баявой работы".
Як інфармуе БЕЛТА, пра гэта паведаміў камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Караеў. Паводле яго слоў, гэты спецбатальён займаецца аховай асабліва важных дзяржаўных аб'ектаў і спецыяльных грузаў. Месцам яго пастаяннай дыслакацыі будзе Астравецкі раён. Караеў адзначыў, што атамную электрастанцыю трэба ахоўваць за паўгода да дастаўкі туды ядзернага паліва.