Спецдакладчык ААН па Беларусі: улады вярнуліся да шырокамаштабных рэпрэсій
Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці апублікаваў даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Сам дакумент будзе прадстаўлены ў ААН у чэрвені, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
У дакладзе адзначаецца, што беларускія ўлады вярнуліся да палітыкі шырокамаштабных рэпрэсій. Гэта прывяло да рэзкага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека.
Задушэнне мірных пратэстаў сёлета ў сакавіку называецца самым жорсткім з 2010 года. На думку дакладчыка, яно азнаменавала заканчэнне кароткачасовага перыяду, калі ўлады ўстрымліваліся ад ужывання сілы.
"Спецыяльны дакладчык шкадуе, што яго папярэджанні аб небяспецы, звязанай з сістэмным характарам рэпрэсіўных законаў, якія ўкараніліся, апынуліся дакладнымі", - гаворыцца ў дакладзе.
Харасці адзначае, што больш за 900 чалавек былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, у тым ліку лідары апазіцыі, праваабаронцы, журналісты і замежныя госці.
На яго думку, палітыка беларускіх уладаў мае цыклічны характар: пасля кароткай лібералізацыі пачынаюцца рэпрэсіі. Пры гэтым нязменным застаецца правапарадак, "які быў мэтанакіравана распрацаваны для падаўлення некалькіх асноўных правоў чалавека".
У сваім дакладзе Харасці заклікае міжнародную супольнасць захоўваць пільнасць у дачыненні да правоў чалавека ў Беларусі.