Справа аб пратэстах у Пінску — у Брэсце пачынаецца суд над удзельнікамі акцыі
Пратэсты ў Пінску ў жніўні 2020 года / media-polesye.by
У Брэсце пачынаецца суд над жыхарамі Пінска, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў жнівеньскіх пратэстах.
9-11 жніўня ў Пінску мясцовыя жыхары атачылі райвыканкам і патрабавалі сумленнага падліку галасоў. Супрацстаянне скончылася жорсткімі сутычкамі з сілавікамі. Пра тое, што адбывалася ў тыя дні ў Пінску, Еўрарадыё распавядаў адзін з дэманстрантаў Васіль Грудовік.
"Калі натоўп стаяў, я звяртаўся да міліцыянтаў, запускаў такую інфу, што ў Кобрыне, маўляў, міліцыянты склалі шчыты. У Баранавічах. І я ўжо проста пачаў хадзіць, углядацца ім у вочы і казаць: "Хлопцы, давайце, пераходзьце на бок народа, заўтра вас чакае новае жыццё", "Паедзеш з жонкай у Італію, у адпачынак, новыя працоўныя месцы гатовыя". Потым Каравякоўскі [палкоўнік Дзмітрый Каравякоўскі, начальнік Пінскага ГАУС. - Еўрарадыё] даў каманду нас атачаць, нас адштурхоўвалі назад. Я зразумеў, што нельга ўцякаць. Падышоў да іх, яны ўжылі газ. Я адышоў, аддыхаўся, узяў палку і пайшоў іх біць", — распавядаў Грудовік.
Пасля падаўлення пратэсту ён вымушаны быў з'ехаць у Польшчу.
На лаве падсудных сёння ў Брэсце будуць 14 чалавек. Раней родныя фігурантаў разважалі ў інтэрв'ю "Радыё Свабода", чаму іх блізкіх вырашылі судзіць у Брэсце, а не ў Пінску.
"Па адной з версій, якую нам распавялі, у Пінску справу адмовіліся разглядаць суддзі. Кажуць, яны не хочуць весці працэс тут. Маўляў, баяцца нашага народнага абурэння. Але мы можам толькі здагадвацца, што там сапраўды адбылося", — распавядала журналістам Таццяна, маці Алега Рубца, аднаго з абвінавачаных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.