Справу аб ДТЗ з байкерам і супрацоўнікам ДАІ перадалі ў суд
27 верасня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска паступілі матэрыялы крымінальнай справы аб ДТЗ, якое адбылося ў цэнтры сталіцы 18 красавіка. У выніку здарэння цяжкія траўмы атрымаў супрацоўнік ДАІ. Дата першага паседжання пакуль невядомая, паведаміла БелаПАН памочнік старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
Па дадзеных следства, 18 красавіка на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Незалежнасці кіроўца матацыкла Suzuki Bandit наўмысна выехаў на трамвайныя шляхі на чырвоны сігнал святлафора, чым блакаваў рух грамадскага транспарту. Падышоўшы да кіроўцы, супрацоўнік ДАІ запатрабаваў заглушыць рухавік і прад'явіць дакументы. Матацыкліст паспрабаваў схавацца, пачаў рух на забараняльны сігнал святлафора. Пры гэтым кіроўца пацягнуў за сабой інспектара. Матацыкл выехаў на скрыжаванне, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем інкасатарскай службы Volkswagen Transporter.
У выніку ДТЗ супрацоўніку міліцыі былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні. Ён перанёс некалькі аперацый, у тым ліку трэпанацыю чэрапа. Больш за месяц месяц знаходзіўся ў коме.
Паводле альтэрнатыўнай версіі, супрацоўнік ДАІ сам справакаваў ДТЗ.