Як інфармавала Еўрарадыё, 20 ліпеня ў адной з кватэр у Бабруйску былі забітыя дзве жанчыны: адну зарэзалі нажом, другую забілі малатком. Перад смерцю адна з іх паспела затэлефанаваць у міліцыю. Яна сказала, што разам з сяброўкай замкнулася ў ваннай у кватэры дома па вуліцы Лынькова, а ў дзверы ломіцца мужчына і хоча іх забіць. Жанчына не назвала дакладны адрас. Калі праваахоўнікі ўсё ж вылічылі кватэру, жанчыны былі ўжо мёртвыя. Пазней міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч сказаў, што ёсць пытанні і да супрацоўнікаў міліцыі.
Паводле інфармацыі следства, 26-гадовая бабруйчанка і яе 27-гадовая знаёмая адпачывалі ў кавярні, дзе пазнаёміліся з мужчынам, паехалі з ім дадому на таксоўцы. Там і адбыўся канфлікт, які скончыўся трагедыяй. Міліцыянеры затрымалі падазраванага — 36-гадовага бабруйчаніна, які раней быў асуджаны, нідзе не працаваў. Падчас затрымання ён быў нецвярозы. Былі праведзеныя комплексная судовая псіхолага-псіхіятрычная, псіхафізіялагічная і сэксалагічная экспертызы. Яны засведчылі, што абвінавачаны не мае псіхічных хваробаў, ён мог усведамляць "фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў".
Мужчыне выставілі абвінавачванне па артыкуле "наўмыснае супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця двух асоб (забойства), здзейсненае з асаблівай жорсткасцю" (пункты 1 і 6 часткі 2 артыкула 139-га КК). Паводле яе прадугледжанае зняволенне на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне.