Справу галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай накіравалі ў суд

Справу галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай накіравалі ў суд

Генпракуратура накіравала справу галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай у Мінскі гарадскі суд, паведамляе "Беларусь сегодня". Яе вінавацяць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК). Золатавай пагражае як мінімум штраф, а як максімум — да 5 гадоў пазбаўлення волі. Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў адзначае, што па выніках вывучэння справы было ўстаноўлена, што абвінавачанне Марыне Золатавай "выстаўлена абгрунтавана і пацвярджаецца сукупнасцю сабраных падчас папярэдняга расследавання доказаў". Яна па-ранейшаму знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

"Справа БЕЛТА" пачалася ў жніўні 2018-га, калі ў офісах tut.by, БелаПАН, шэрагу іншых СМІ, па месцы жыхарства іх журналістаў, рэдактараў адбыліся ператрусы. Затрымлівалі больш за дзясятак чалавек, якіх абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі на навіны дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. 14 фігурантаў з розных СМІ ў выніку вызвалілі ад крымінальнай адказнасці і прыцягнулі да адміністрацыйнай. Журналісты былі аштрафаваныя, а таксама абавязаныя кампенсаваць шкоду (сумы для кожнага налічылі ад 3 да 17 тысяч рублёў).

Золатава падавала хадайніцтва, каб і ёй замянілі крымінальную адказнасць на адміністрацыйную, але Следчы камітэт адмовіў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі