Stadler гатовы перазапусціць вытворчасць у Беларусі пасля адмены санкцый

Вытворчасць Stadler у Беларусі / Еўрарадыё 

Вытворчасць Stadler у Беларусі / Еўрарадыё 

Швейцарскі вытворца рухомага саставу для чыгунак Stadler гатовы перазапусціць свой завод у Беларусі пасля адмены санкцый. Пра гэта гаворыцца ў паўгадавой справаздачы кампаніі. На дакумент звярнуў увагу рэсурс Reform.by.

У справаздачы гаворыцца, што вайна Расіі супраць Украіны "і звязаныя з ёй санкцыі супраць Беларусі працягваюць уплываць на Stadler і завод у Фаніпалі". Але завод вырашана захаваць і зноў адкрыць яго, як толькі санкцыі будуць знятыя. Прыводзяцца наступныя абгрунтаванні: вельмі добрая сітуацыя з замовамі, высокая загрузка магутнасцяў іншых прадпрыемстваў групы, а таксама высокі ўзровень кваліфікацыі і якасці, прапанаваных Фаніпалем з пункту гледжання дададзенага кошту.

У справаздачы таксама гаворыцца, што прадпрыемства працягвае аказваць паслугі па вытворчасці кузаваў і камплектуючых, а таксама інжынірынгавыя паслугі. Пры гэтым усе санкцыі строга выконваюцца.

Пасля пачатку вайны, у сакавіку мінулага года, старшыня рады дырэктараў кампаніі Пітэр Шпулер распавядаў, што праз санкцыі завод у Беларусі пазбавіўся доступу да еўрапейскіх электронных кампанентаў. Яны выкарыстоўваюцца, напрыклад, у кандыцыянерах цягнікоў, сістэме інфармавання. Але і тады ён казаў, што закрываць завод у Беларусі не плануецца. Гэтым летам у СМІ зноў абмяркоўвалася верагоднасць сыходу Stadler з Беларусі. Тады ж стала вядома, што вытворчасць скарацілася, але на заводзе па-ранейшаму рэалізуюцца праекты па вырабе і пастаўцы маторвагоннага рухомага саставу для Казахстана і Азербайджана, працягваецца сэрвіснае абслугоўванне абсталявання электрацягнікоў, закупленых БЧ. І "ўзровень заработнай платы на заводзе знаходзіцца на досыць высокім узроўні для гэтага рэгіёну", адзначылі тады ў "Супольнасці чыгуначнікаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі