Стала вядома, чаму ў Гомелі абваліўся былы будынак міліцыі
Будынак, які абваліўся ў Гомелі
Былы будынак міліцыі на Сялянскай вуліцы абваліўся ў выніку рамонтных работаў. Пра гэта гаворыцца ў дакументах расследавання Дзяржкамітэта па стандартызацыі, якія атрымаў "Флагшток".
Як расказвала Еўрарадыё, будынак на Сялянскай вуліцы часткова абваліўся 26 ліпеня падчас рамонту. Раней у ім размяшчалася РАУС Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе ў 2020-м катавалі пратэстоўцаў. Нядаўна будынак прадалі з аўкцыёну індывідуальнай прадпрымальніцы Вользе Гузенка.
Расследаванне выявіла, што на першым паверсе будынка падчас мадэрнізацыі былі пашыраны аконныя праёмы. Пры гэтым шырыня апорных міжаконняў паменшылася напалову, а іх узмацненне не зрабілі. У склепе таксама былі дэмантаваныя жалезабетонныя прагоны і цагляныя перагародкі.
Пры гэтым, як выявілася, дзяржэкспертыза праекта, праектная дакументацыя не рабілася. Органам Дзяржбуднагляду ніхто не паведамляў пра пачатак работ. Будаўніча-мантажныя работы вяло ТДА "Арэса", але рабтамі, якія непасрэдна прывялі да аварыі, ніхто не кіраваў.
Цяпер усе работы на аб'екце прыпыненыя.
Дарэчы, новая ўласніца планавала зрабіць са старога будынка міліцыі гандлёвы цэнтр з мінімальнымі ўкладаннямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.