Стала вядома, чым займаюцца ў Казахстане беларускія вайскоўцы
Беларускія вайскоўцы прыбылі ў Казахстан "своечасова, без парушэнняў і затрымак "/ скрыншот відэа"Воен-ТВ"
Беларускія вайскоўцы ў Казахстане выконваюць "задачу па ахове і абароне вайсковага аэрадрома", распавёў намеснік камандуючага сіламі спецыяперацый Узброеных Сіл Беларусі Сяргей Андрэеў.
Паводле яго слоў, "перадыслакацыя прайшла ў штатным рэжыме, прыбылі своечасова, без парушэнняў і затрымак".
Напярэдадні Мінабароны Расіі апублікавала відэа з беларускімі вайскоўцамі ў Казахстане. А беларускае ваеннае ведамства расказала, што міратворцы пачалі "выкананне задач па ахове шэрагу важных аб'ектаў ваеннай інфраструктуры". Нагадаем, беларускія вайскоўцы прысутнічаюць у Казахстане ў складзе міратворчых сіл АДКБ. Гэта кантрактнікі з 103-й Віцебскай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады сіл спецаперацый.
На днях Аляксандр Лукашэнка каментаваў удзел беларускія вайскоўцаў у місіі АДКБ у Казахстане. Паводле яго слоў, беларускія вайскоўцы "прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць", а дапамагчы казахам "спыніць братазабойчую вайну". Між тым эксперты адзначаюць, што рашэнне аб накіраванні міратворчай місіі АДКБ у Казахстан было юрыдычна не бездакорным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.