Стала вядома, каго яшчэ затрымалі па справе "замаху на Лукашэнку"

Стала вядома, каго яшчэ затрымалі па справе "замаху на Лукашэнку"

Чацвёртай затрыманай за "спробу дзяржперавароту" і "замах на Лукашэнку" хутчэй за ўсё з'яўляецца 43-гадовая Вольга Галубовіч, піша "Наша Ніва".  Раней яна займалася справамі мінскага офіса Юрася Зянковіча, які дапамагаў людзям пераехаць у ЗША.

Спярша было вядома толькі пра трох затрыманых па гэтай справе — літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, адвакат з ЗША Юрась Зянковіч і старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Аднак прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў 21 красавіка, што затрыманыя чатыры чалавекі. 

Тыдзень таму жонка Зянковіча Алена ў каментары журналістам казала, што КДБ затрымаў Галубовіч. А мінскі офіс Зянковіча спыніў працу яшчэ ў верасні 2020 года.

Сваякі Вольгі Галубовіч адмаўляюцца ад каментароў журналістам. 

Вольга Галубовіч нарадзілася ў Мінску, але ў падлеткавым узросце разам з бацькамі пераехала ў мястэчка Свіслач Пухавіцкага раёна. Вучылася ў мастацкай вучэльні, а таксама на філфаку БДУ — вывучала беларускую, рускую і сербскую мовы.

Жанчына працавала сацыяльным педагогам у школе ў Свіслачы і падмяняла настаўнікаў беларускай і англійскай мовы. У 2003 годзе была дэпутатам мясцовага пасялковага савету, прадстаўляла Партыю БНФ. Магчыма, якраз з  таго часу яна ведае Зянковіча, які таксама быў дэпутатам мясцовага савета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі