Стала вядома, колькі ў Беларусі за год пакаралі карупцыянераў
Лічбы агучыў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.
За год у Беларусі пакаралі 267 карупцыянераў. У мінулым годзе прысудаў за карупцыйныя злачынствы было больш на 26%, чым у 2013-м. Пра гэта 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч.
За 2014 год за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі асудзілі 120 чалавек. За атрыманне хабару былі асуджаныя 69 чалавек, за дачу хабару — 48. З ліку карупцыянераў 153 прыгавораныя да пазбаўлення волі, 197 пазбаўлены права займаць пэўныя пасады. 38 чалавек былі толькі аштрафаваныя за здзейсненыя імі карупцыйныя злачынствы, інфармуе газета "Народная воля".
Валерый Калінковіч нагадаў пра суддзяў, якія апошнім часам здзейснілі карупцыйныя злачынствы і былі пакараныя. Гэта былы намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Магамед Умараў, асуджаны за атрыманне хабару да 14 гадоў пазбаўлення волі. На такі ж тэрмін былі асуджаныя былы намеснік старшыні суда Савецкага раёна Гомеля Юрый Жораў і былы намеснік Беларускага ваеннага суда Юрый Тузаў. Былы старшыня суда Кіраўскага раёна асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за махлярства, інфармуем БелаПАН.
Фота: Fotolia