Стала вядома, як запрацуюць банкаўская і плацежная сістэмы падчас дэнамінацыі
Стала вядома, як будуць працаваць банкаўская і плацёжная сістэмы падчас дэнамінацыі беларускага рубля, якая прызначаная на 1 ліпеня 2016 года. Інфармацыйнае паведамленне распаўсюдзіў Нацыянальны банк Беларусі. У ім пералічваюцца рашэнні, якія прыняло праўленне Нацбанка.
Паводле пастановы № 130 ад 15 сакавіка, 1 ліпеня 2016-га не будзе працаваць аўтаматызаваная сістэма міжбанкаўскіх разлікаў Нацбанка. Банкам і небанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям дазволілі не здзяйсняць разліковае і касавае абслугоўванне кліентаў. Яны могуць і прыпыняць аказанне кліентам асобных відаў паслуг па здзяйсненню банкаўскіх аперацый.
Паведамляецца, што прыём электронных плацёжных дакументаў і электронных зваротаў сістэмай BISS аўтаматызаванай сістэмы міжбанкаўскіх разлікаў Нацыянальнага банка 29 чэрвеня будзе здзяйсняцца да 20-й гадзіны, а 30 чэрвеня — у адпаведнасці з графікам прыёму і апрацоўкі сістэмай электронных плацёжных дакументаў і электронных паведамленняў.
Паколькі з 1 ліпеня давядзецца пераацэньваць артыкулы бухгалтарскага балансу (у тым ліку і ў валюце), банкі, небанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі, Беларуская валютна-фондавая біржа павінны за 30 чэрвеня правесці поўнае завяршэнне ўсіх разлікаў у беларускіх рублях па выніках біржавых таргоў.
Прэс-служба Нацбанка адзначае, што было прынятае рашэнне аб пераносе тэрміну пераходу банкаў, небанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый, Банка развіцця Рэспублікі Беларусь на выкарыстанне міжнароднага нумару рахунку (IBAN) і банкаўскага ідэнтыфікацыйнага коду (BIC) пры здзяйсненні разлікаў у безнаяўнай форме з 1 студзеня 2017-га на 4 ліпеня 2017 года.