Старшыня ТБМ Алена Анісім: Мы не маем ілюзій, нас чакае закрыццё

Старшыня ТБМ Алена Анісім: Мы не маем ілюзій, нас чакае закрыццё

"У нас ілюзій няма: калі рашэнне палітычнае вынесенае, значыць нас чакае закрыццё", заявіла ў каментары БелаПАН старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім. У ліпені ад Міністэрства юстыцыі грамадская арганізацыя атрымала два пісьмовыя папярэджанні за несвоечасова перададзеныя дакументы, якія чыноўнікі патрабавалі ў межах пазапланавай праверкі.

Па словах Анісім, былі паважныя прычыны, чаму не ўдалося своечасова прадаставіць дакументы. Яна была ў ізаляцыі і забрала ліст Мінюста толькі за дзень да пазначанай даты — 14 ліпеня. Тым не менш, у той дзень супрацоўнікі ТБМ накіравалі ў Мінюст частку запытаных дакументаў. Не ўдалося адправіць бухгалтарскую дакументацыю, паколькі ранейшая бухгалтар памерла, а бухгалтар "Нашай Нівы" Вольга Раковіч, якая дапамагала арганізацыі па дамове падраду, на той момант была затрыманая. А яшчэ ў офісе ТБМ 15 ліпеня прайшоў ператрус. Усе гэтыя акалічнасці Анісім пазначыла ў лісце да міністэрства, але адказам было папярэджанне, а пасля яшчэ адно.

"Мы ведаем, калі дадзены загад арганізацыю закрыць, яны закрыюць, нягледзячы ні на што", — кажа старшыня ТБМ.

Таварыства беларускай мовы было заснаванае ў 1989 годзе. Яго мэтай з'яўляецца падтрымка і развіццё беларускай мовы і культуры. Раней арганізацыю ўзначальвалі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў. Алена Анісім стала старшынёй ТБМ восенню 2017-га, калі была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі