Стаў вядомы папярэдні парадак дня на кангрэсе дэмакратычных сіл
Аргкамітэт па правядзенні кангрэса дэмакратычных сіл 12 студзеня прыняў папярэдні парадак дня кангрэса. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў былы палітвязень Мікалай Статкевіч.
"Мы абмеркавалі праект парадку дня кангрэса, ён прыняты за аснову. У ім ёсць тры асноўныя пытанні. Першы датычыць стану беларускай дзяржавы, нацыі, народнай гаспадаркі, грамадства, а таксама тэндэнцый да іх змены. Другое пытанне прадугледжвае абмеркаванне задач захавання і развіцця Беларусі, трэцяе датычыць бягучых і стратэгічных задач дэмакратычных сіл па захаванні і развіцці краіны", — паведаміў палітык.
Больш дакладны парадак дня будзе сфармуляваны на наступным пасяджэнні аргкамітэта кангрэса. Яно пройдзе праз два тыдні. Сам кангрэс павінен адбыцца ўвесну. Нагадаем, што ў аргкамітэт мерапрыемства ўваходзяць Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў. Да аргкамітэту могуць далучыцца іншыя палітычныя сілы.