СТБ: У нападзе юнака на людзей у Мінску сваю ролю адыгралі камп'ютарныя гульні
У нападзе 17-гадовага юнака на людзей у Мінску сваю фатальную ролю маглі адыграць камп'ютарныя гульні. Такое меркаванне было выказана на тэлеканале СТБ. У сюжэце адзначаецца, што здарэнне ў суботу ў гандлёвым цэнтры "Еўропа" нагадвае сцэнар адной з папулярных у маладых людзей камп'ютарных гульняў, "дзе задача віртуальнага героя — забіць усіх, хто знаходзіцца побач". Да таго ж, экіпіроўка хлопца падобная на віртуальнага персанажа. СТБ спасылаецца на меркаванні беларусаў у сацсетках, якія заўважылі такое падабенства.
Як паведамляла Еўрарадыё, студэнт прыйшоў у ГЦ "Еўропа" з бензапілой і сякерай. Адна жанчына была забітая, яшчэ дзве параненыя. Зламысніка затрымалі наведвальнікі і прадаўцы. У следства цяпер пытанні, дзе ж была ахова гандлёвага цэнтра "Еўропа". Затрыманы пройдзе стацыянарную комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Як паведаміў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў, хлопец з забяспечанай сям'і, жыў асобна ад бацькоў, вучыўся на першым курсе адной з ВНУ. Пры гэтым яго раздражнялі людзі, адначасова ён злаваў на сябе. "Хацеў пасекчы людзей", — сказаў затрыманы пра свой учынак падчас допыту.
З'явілася відэа, як затрыманага хлопца з бензапілой выводзяць з ГЦ "Еўропа"