Страсці па Піначэту і байкот электрасамакатам — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Міжнародныя навіны / Калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Злачынствы дыктатараў не забываюць. Чылійскі ўрад высветліць лёсы людзей, зніклых за часамі генерала Аўгуста Піначэта. Тым часам у сталіцы Францыі змагаюцца з электрасамакатамі, а на Сардыніі — з турыстамі, якія разбіраюць на сувеніры пляжную гальку.

Пра тое, што яшчэ адбываецца ў свеце, чытайце ў традыцыйнай рубрыцы Еўрарадыё "Іх норавы".

 

У Чылі высветляць лёсы людзей, зніклых за часамі дыктатара Піначэта

У Чылі збіраюцца высветліць, што здарылася з людзьмі, зніклымі за часамі дыктатуры Аўгуста Піначэта. За час кіравання генерала з 1973 па 1990 год былі забітыя або зніклі без вестак каля 3200 левых актывістаў і іншых меркаваных праціўнікаў рэжыму. Больш за 37 тысяч чалавек падвергнулася катаванням.

Піначэт памёр у 2006 годзе. Ён так і не быў асуджаны за свае злачынствы.

З вуліц Парыжа прыбіраюць электрасамакаты

З 1 верасня з вуліц Парыжа знікнуць электрасамакаты, якія даваліся ў арэнду ўсім ахвочым. Улады сталіцы Францыі прынялі такое рашэнне па выніках красавіцкага галасавання, дзе пераважная большасць парыжан падтрымала забарону на пракат гэтага віду транспарту.

Парыж стаў першым горадам Еўропы, які прыняў такія рашучыя меры.

Што здарылася?

Жыхары французскай сталіцы неаднаразова скардзіліся на электрасамакаты, якія перашкаджаюць пешаходам і правакуюць аварыі.

У 2022 годзе ў ДТЗ з іх удзелам пацярпела 456 чалавек, трое загінула.

Асабістымі электрасамокатамі карыстацца можна.

На Сардыніі за крадзеж галькі з пляжа арыштавалі француза

Паліцыя арыштавала француза, які забраў з пляжа Сардыніі больш за 40 кілаграмаў галькі. Французскаму турысту пагражае штраф у 3000 еўра. Мужчына быў затрыманы падчас спробы сесці на паром, што ішоў з Порта-Торэса ў французскую Ніцу.

Дарэчы, парушальнік яшчэ лёгка адкараскаўся. За вываз пяску і галькі на Сардыніі можна нават сесці ў турму.

У 2019 годзе французскую пару злавілі з 14 пластыкавымі бутэлькамі з пяском агульнай вагой 40 кг.

 

Забарона на пластык працуе, але не ўсюды

Пластыкавыя пакеты забруджваюць нашы вуліцы, рэкі і забіваюць дзікіх жывёл у морах і акіянах. Пасля шматгадовай кампаніі эколагаў многія краіны ўсё ж забаранілі іх выкарыстанне.

Сёння больш чым у 100 дзяржавах уведзеная поўная або частковая забарона на аднаразовыя пластыкавыя пакеты. У перыяд з 2010 па 2019 год колькасць дзяржаўных праграм, скіраваных на паступовую адмову ад пластыку, павялічылася ў тры разы.

Хто адстае?

Паводле звестак Еўрастата за 2019 год, самыя вялікія аб'ёмы спажывання пластыкавай упакоўкі — у краінах Балтыі і Паўночнай Еўропы. "Рэкардсменамі" ў Еўропе лічацца Латвія і Літва, але сітуацыя можа змяніцца, бо з 2025 года латвійскія крамы больш не будуць мець права бясплатна раздаваць пластыкавыя пакеты. Такая ж забарона набудзе моц у Літве ўжо сёлета.

Найменшыя аб'ёмы спажывання пластыку — у Партугаліі, Бельгіі і Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі