Страшна жыць: якім беларуская прэса 1930-х малявала заходні свет
Выразка з савецкай газеты
Прагныя капіталісты, галодныя рабочыя і зверствы ў дачыненні да палітвязняў. Італьянскі мільянер памірае ад голаду, францужанкі не могуць знайсці працу — так аддзелы міжнароднай палітыкі савецкіх газет малявалі жыццё за межамі СССР. А побач з гэтымі жахамі газеты пісалі добрае пра жыццё ў "Савецкай Беларусі" — напрыклад, як ад адной каровы нараджаецца адразу два цяляці. Нічога не нагадвае?
Еўрарадыё вырашыла вывучыць беларускія газеты 1930-х. А ўжо пераканацца, што ўсё новае — гэта нядобра забытае старое, кожнаму будзе пад сілу самому.
Мільянер памёр ад голаду
"У Неапалі (Італія), як паведамляюць газеты, у раскошным асабняку пражываў мясцовы мільянер Вінчэнца Прынчыне. Яго скупасць была добра вядома ўсім, каму даводзілася з ім стыкацца", — расказвае "Калгаснік Беларусі". Маўляў, мільянер Вінчэнца быў такі скупы, што звольніў усіх слуг, і мясцовыя часцяком бачылі яго, узброенага анучамі і швабрамі, за прыборкай асабняка. А потым Вінчэнца знік. Яго знайшлі нежывым ва ўласным асабняку: скупы італьянскі мільянер памёр ад голаду.
Страшнае беспрацоўе ў Францыі
Тым часам у Францыі — страшнае беспрацоўе, і асабліва — сярод жанчын. Дапамогі большасці з іх чакаць няма адкуль, але не здаецца працоўная жанчына і нароўні з мужчынамі ўдзельнічае ў забастоўках і выступах супраць урада.
Савецкаму селяніну трэба было ведаць пра бядотнае становішча селяніна бразільскага.
"Многія плантатары зусім спынілі разлікі з рабочымі, прадаставіўшы ім існаваць на мізэрныя даходы ад невялічкіх агародзікаў, разбітых каля іх хат, пабудаваных на зямлі плантатара", — піша выданне.
Але якім бы цяжкім ні было становішча жыхароў Еўропы і абедзвюх Амерык, ёсць на карце адна краіна, дзе сітуацыя была яшчэ горшая. Гэта Польшча.
Гэту карціну бязрадаснага жыцця ў заходнім свеце элегантна адцяняе калонка навін з БССР, звярстаная па суседстве. З яе мы даведваемся, што мясцовым калгасам перададуць сотні трактароў, запусцяць новую электрастанцыю, у раёнах павялічваюцца магчымасці для адукацыі школьнікаў. Нават прырода на баку БССР — вунь, карова парадавала мясцовага селяніна двума цялятамі ад аднаго цялення.
Доля працоўнай жанчыны
Долю працоўнай жанчыны ў краінах капіталізму можна апісаць у двух словах: "цяжкая і бязрадасная". Але калі гэта святочны выпуск газеты да Восьмага сакавіка, то эканоміць моўныя сродкі няма ніякай неабходнасці.
"Савецкая жанчына — актыўны будаўнік нашай дзяржавы", — піша ў 1939 годзе газета "На варце Кастрычніка". Не тое што жанчына, якая няўдала нарадзілася ў капіталістычнай краіне.
"Па буржуазных законах жанчына павінна беспярэчна падпарадкоўвацца мужу. Нават у "дэмакратычнай" Францыі жанчына без дазволу мужа не можа быць прынятая на працу. У фашысцкай Германіі жанчыны не могуць і думаць пра якія-небудзь палітычныя правы! У Італіі шлюбны кодэкс адкрыта патрабуе, каб жанчына "ўсюды трымалася свайго мужа", — расказвае выданне, а на заканчэнне расказу ад імя "шчаслівых, занятых будаўніцтвам новага жыцця" савецкіх жанчын вітае працоўных жанчын усяго свету.
Асаблівую ўвагу ў артыкуле аддалі жанчынам Германіі: нямецкі фашызм выкарыстоўвае жанчын у якасці таннай працоўнай сілы.
На самай справе
Доля працоўнай жанчыны ў Германіі на самай справе была "цяжкая і бязрадасная". У 1918 годзе немкі ўпершыню прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах, у наступнае дзесяцігоддзе больш за сто жанчын ужо прайшлі ў Рэйхстаг. А потым рэйхсканцлерам Веймарскай рэспублікі стаў Гітлер. У яго краіне эмансіпаваным немкам ужо не было месца. Амаль усе дэмакратычныя новаўвядзенні Веймарскай рэспублікі адмянілі, права абірацца ў органы ўлады ў іх забралі, жанчына зноў ва ўсім павінна была падпарадкоўвацца мужу.
Але і ў Савецкім Саюзе жанчына нядоўга будавала савецкую дзяржаву. У 1920-х жанчыны так актыўна ўключыліся ў будаўніцтва новай дзяржавы, што да пачатку трыццатых на адну жанчыну прыходзілася менш за адно дзіця. Да 1935-га ў Саюзе пачалі працаваць над тым, каб вярнуць жанчыну з дзяржаўнага будаўніцтва ў сям'ю.
Бойся Захаду з моладу
Мы пагарталі падшыўку газеты "Піянер Беларусі" за 1936 год, каб ацаніць, наколькі паслядоўным трэба быць у сваім страху перад Захадам.
Супраць еўрапейцаў з пазамінулага стагоддзя газета нічога не мае супраць і расказвае савецкім піянерам пра даследчыка Афрыкі англічаніна Генры Стэнлі і венецыянскага падарожніка Марка Пола.
Але ў ХХ стагоддзі Захад сапсаваўся, асабліва Польшча. Напрыклад, з савецкіх газет вынікала, што там многія дзеці не маглі хадзіць у школу.
"У фашысцкай Польшчы і ў Заходняй Беларусі цяпер налічваецца паўтара мільёна дзяцей рабочых і сялян, якія зусім не вучацца. Не таму яны не вучацца, што не хочуць, а таму што тыя, хто ў Польшчы і Заходняй Беларусі стаяць на чале ўлады — фашысты, не даюць ім магчымасці вучыцца", — піша "Піянер Беларусі" ў 1936 годзе.
Але нават тыя, хто ўсё ж трапіў у школу, вучацца ў жудасных умовах: у адным класе туляцца па 90 і нават 120 чалавек, працягвала газета.
На самай справе
"Піянер Беларусі" піша, што бядотнае становішча сялянскіх дзяцей вымушаныя прызнаваць і "фашысцкія выданні". Тут "Піянер" падбірае прыдатную цытату з "Кур'ера Віленскага":
"Глянем на вясковых дзяцей — яны хварэюць туберкулёзам, паміраюць ад голада. Адзіным харчаваннем з'яўляецца або тоўчаная бульба, або часам і бульбы няма. <...> Дзеці не маюць ні сшыткаў, ні чарніл, ні алоўкаў, ні пер'яў. Пішуць на абрыўках паперы чарнілам з бурака, а быў і такі выпадак, што вучань пісаў уласнай крывёй з пальца".
Хочаце як у Амерыцы?
Жонка амерыканскага інжынера Маскоўскага аўтамабільнага завода імя Сталіна чатыры гады пражыла ў Савецкім Саюзе, дзе "адчувала сябе свабоднай і шчаслівай". А потым прыехала ў Лос-Анджэлес.
Там яна і ўбачыла, як недаядаюць рабочыя, як беспрацоўныя канчаюць жыццё самагубствам, забіваючы і сваіх дзяцей.
Тут жа — пераказ артыкулаў амерыканскіх піянераў, апублікаваных у нью-ёркскім часопісе New Pioneer. У адным вершы якраз расказваецца пра самагубства беспрацоўнай Джэйн. "Мы адпомсцім за Джэйн", — так называецца артыкул, які выйшаў ужо ў беларускай газеце.
Ёсць усяго некалькі месцаў на планеце, дзе сітуацыя, мяркуючы па газетах, яшчэ горшая, чым у ЗША, — гэта Польшча і Латвія. У фашысцкіх турмах Латвіі зняволеных збіваюць, вырываюць ім пазногці і валасы, нечалавечымі катаваннямі прымушаюць прызнавацца ў сяброўстве ў кампартыі. У беластоцкай турме дзень кожнага рэвалюцыйнага свята становіцца падставай для расправы над палітвязнямі.
На самай справе
У ЗША на пачатак 1930-х прыйшлася Вялікая дэпрэсія. У Дэтройце паліцыя і ахоўная служба Генры Форда расстралялі рабочых у часе галоднага маршу. У Чыкага супраць забастоўшчыкаў выступіла паліцыя: былі і загінулыя, і параненыя.
Пачатак 1930-х даўся ЗША нялёгка, на змену Вялікай дэпрэсіі прыйшоў Новы курс. Былі ў той час праблемы і ў СССР: пачатак 1930-х — час страшнага голаду ва Украіне. Савецкія газеты пісалі пра Галадамор, але на фоне жахаў на Захадзе гэта не ўспрымалася асноўнай праблемай. Калі верыць ім, то на зямным шары было месца, дзе працягвалі будаваць ледаколы, прадстаўляць навуковыя вынаходкі, а каровы нараджалі адразу па два цяляці. І ўсе астатнія месцы, якія зайздросцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.