Страты “Мінсктранса” і метро ад смс-"тэрарыста" склалі амаль 300 млн рублёў
Падазраваны пакуль знаходзіцца на псіхіятрычным абследаванні. Абвінавачанні яму выставяць, як толькі медыкі завершаць экспертызу.
“Мінсктранс” і мінскі метрапалітэн падлічылі страты ад дзеянняў смс-"тэрарыста", які ў канцы лютага паралізаваў працу транспарту ў Мінску праз паведамленне пра выбух.
“Метро” падлічыла ўпушчаную выгаду ад прастою — яна складае каля 230 мільёнаў, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў. — “Мінсктранс” таксама даў свае звесткі, яны яшчэ не канчатковыя — каля 60 мільёнаў. Гэта выдаткі, звязаныя з незапланаваным выхадам транспарту. Засталіся ГУУС. Яны задзейнічалі аператыўныя службы, групы размініравання і гэтак далей. Яны яшчэ не падлічылі свае страты. Звесткі дадуць на пачатку красавіка”.
Нагадаем, 26 лютага прыкладна а 15-й гадзіне перасталі працаваць абедзве лініі мінскага метро. Замест падземкі “Мінсктранс” выкарыстаў дадатковы наземны транспарт, што ледзь справіўся з патокам пасажыраў. Прычынай закрыцця ўсіх 28 станцый сталічнага метро стала паведамленне студэнткі. Яна заўважыла на тэлефоне суседа падазроную "эсэмэску" з пагрозай узарваць падземку. Падазраванага — 35-гадовага жыхара Мінскай вобласці, ураджэнца Караганды — знайшлі ўжо праз тры гадзіны. Цяпер ён знаходзіцца на псіхіятрычным абследаванні.