Стрыечнага брата "каліноўца" будуць судзіць другі раз запар

Сяргей Франчук / spring96.org
Сяргей Франчук / spring96.org

Палітвязня Сяргея Франчука будуць судзіць другі раз запар, паведамляюць праваабаронцы. Франчук — стрыечны брат намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука.

Як распавядала Еўрарадыё, 28 красавіка Мінскі гарадскі суд прызначыў Франчуку тры гады калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), распальванні варожасці (ч. 1 арт 130 КК), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).

А 13 траўня ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска адбудзецца разгляд яшчэ адной крымінальнай справы супраць Франчука. Яго зноў вінавацяць у абразе Лукашэнкі. Працэс будзе весці суддзя Вольга Серакова.

Пра затрыманне Франчука стала вядома ў жніўні 2022-га. Пры затрыманні яго моцна збілі. Спачатку яму прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым пачалі крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі Франчука палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі