Студэнцкага актывіста Глеба Вайкуля выключылі з БДУ
Другакурсніка філалагічнага факультэта БДУ Глеба Вайкуля адлічылі з навучальнай установы. У каментарыі БелаПАН хлопец распавёў, што яго запрасілі ва ўпраўленне кадраў універсітэта і прапанавалі азнаёміцца з адпаведным загадам.
Актывіст распавёў, што двойчы не здаў залік па псіхалогіі літаратурнай творчасці выкладчыку Таццяне Шамякінай. Пасля гэтага для прыняцця заліку была створаная камісія, у склад якой акрамя Шамякінай ўвайшлі яшчэ два выкладчыкі. Вайкуль заяўляе, што сябры камісіі былі не супраць паставіць яму залік, але Шамякіна пярэчыла. У выніку залік ён не здаў.
13 студзеня Вайкуль пісьмова звярнуўся да рэктара БДУ з просьбай ануляваць вынік ацэнкі камісіі, прызнаць ацэнку неабгрунтаванай. Вайкуль прасіў прызначыць дадатковую пераздачу прадмета "Псіхалогія літаратурнай творчасці" з іншым старшынёй камісіі ў прысутнасці яго прадстаўніка.
БДУ: Глеб Вайкуль ужо адлічваўся, незалічаны прадмет наведаў адзін раз
Вайкуль лічыць, што ў яго дастаткова ведаў, каб паспяхова прайсці выпрабаванне, а "незалік быў пастаўлены неаб'ектыўна, па палітычных матывах і быў звязаны з удзелам у маршы студэнтаў".
Між тым дэкан філалагічнага факультэта Іван Роўда звязаў адлічэнне студэнта выключна з непаспяховасцю. Па словах дэкана, з філфака за непаспяховасць было адлічана акрамя Вайкуля яшчэ 14 студэнтаў.
Вайкуль кажа, што плануе працягнуць адукацыю — у Беларусі ці за мяжой.