Студэнты і вайскоўцы не выратуюць: сістэма фінансавання 50/50 знішчыць тэатры

Студэнты і вайскоўцы не выратуюць: сістэма фінансавання 50/50 знішчыць тэатры

Прэм’ер Раман Галоўчанка анансаваў новую схему фінансавання беларускіх тэатраў. Ён назваў яе раўнадолевай. Што менавіта ўкладаецца ў гэтае слова — чыноўнік не растлумачыў, але раней Лукашэнка казаў, што працаваць новая схема будзе наступным чынам: “Зарабілі два мільёны долараў — два мільёны долараў дадалі бюджэтных”

Выглядае лагічна. Але не ў выпадку тэатраў. Яны пры такіх парадках проста не выжывуць. Дый не толькі яны: нават самыя паспяховыя тэатры ва ўсім свеце звычайна не зарабляюць 50% ад сваіх патрэб. Што гаварыць пра Беларусь, дзе галоўны тэатр краіны другі год запар не можа сабраць трупу пасля рэпрэсій, а ўвогуле наведвальнасць тэатральных устаноў абрынулася за “кавідны” час удвая.
 

Не дапамогуць нават студэнты і вайскоўцы

Улады Беларусі працуюць над тым, каб скарачаць фінансаванне культуры. Ідэя пра перавод тэатраў на схему 50/50 якраз пра гэта, расказвае Еўрарадыё былая супрацоўніца Мінкультуры Наталля Задзяркоўская, якая сёння адказвае за сацыяльна-культурныя пытанні ў НАУ.

Студэнты і вайскоўцы не выратуюць: сістэма фінансавання 50/50 знішчыць тэатры
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы / Еўрарадыё

У 2017–2019 гадах удзельная вага пазабюджэту дасягала 34%, калі гаварыць пра буйныя рэспубліканскія тэатры. Да 37% доля пазабюджэту была ў абласных тэатрах. Гэта была столь, якую тэатры змаглі дасягнуць, калі колькасць гледачоў і спектакляў расла. 

Нават у найлепшыя гады тэатры маглі зарабіць толькі каля траціны ад сродкаў, неабходных на існаванне. Па схеме 50/50 улады “дакінуць” яшчэ адну траціну. А яшчэ на 30% давядзецца “зацягнуць паясы”.

Па звестках Белстата, у 2019 годзе на тысячу беларусаў прыпадала 186 наведванняў тэатраў. Але каранавірус (якога ў Беларусі нібыта не было) згуляў супраць культуры. У 2020 годзе колькасць наведванняў упала да 74. У 2021 годзе крыху паднялася — да 91.

Студэнты і вайскоўцы не выратуюць: сістэма фінансавання 50/50 знішчыць тэатры
Бывае, Венская опера транслюе свае пастаноўкі. Людзі збіраюцца на вуліцы, каб паглядзець і паслухаць / kidpassage.com

Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч таксама лічыць, што план уладаў не рэалізуецца ні пры якіх абставінах.

Ва ўсім свеце з пэўнымі карэкціроўкамі існуе адна мадэль фінансавання тэатраў. Прыбыткі складаюцца з трох складнікаў: прыкладна траціну дае дзяржава, траціну — спонсары і траціну тэатр зарабляе сам. І гэта добрая мадэль, да якой трэба імкнуцца.

Напрыклад, Венская опера — гэта сусветна вядомы брэнд, туды ходзяць экскурсіі дзесяцігоддзямі, опера вельмі папулярная ў Аўстрыі. І яна зарабляе траціну. Прычым, памятаю, ужо ў канцы нулявых гадоў там была крама з цішоткамі, дыскамі, кнігамі. А ў нас інфраструктуры для гэтага няма. І я не разумею, якім цудам мы павінны зарабіць палову, калі там зарабляюць траціну. Нейкая фантастыка.

Атрымліваецца, беларускія тэатры да 2020 года выйшлі на прыняты ў свеце ўзровень самазабеспячэння. Можна было б будаваць сістэму фінансавання, прынятую ў свеце. Але фальсіфікацыі выбараў і гвалтоўны разгон пратэстаў усё перакрэслілі.

Сёння сусветная мадэль проста не прымяняльная да Беларусі. Спонсараў ніколі столькі не набярэцца. Былі спробы стварыць нейкія апякунскія саветы і пры Оперным тэатры, і пры Купалаўскім яшчэ ў часы Латушкі. Яны нічым не канчаліся. Спонсарамі звычайна былі пэўныя банкі, якім, магу выказаць меркаванне, рэкамендавалі дапамагаць тэатрам. Добраахвотна дапамагаў хіба што Белгазпрамбанк Бабарыкі, — працягвае Марціновіч.
 

“Яны думаюць, што культура — як сельская гаспадарка”

Студэнты і вайскоўцы не выратуюць: сістэма фінансавання 50/50 знішчыць тэатры
Лукашэнка ў Купалаўскім тэатры / прэсс-служба Лукашэнкі

Прапановы перайсці на самаакупнасць Купалаўскага тэатра рабіліся яшчэ ў 2013 годзе. У 2015-м дзяржава закрывала прыкладна 80% ад яго бюджэту. Апошнія гады, магчыма, менш, бо Купалаўскі тэатр паступова ператвараўся ў прыцягальны брэнд, знаходзіў свайго гледача. Але гэта ўсё роўна былі не 50%.

Я разумею, чаму Галоўчанка кажа пра гэта цяпер. Сітуацыя ў эканоміцы, мякка кажучы, не самая лепшая. Чыноўнікі думаюць, што культура — такая ж справа, як прамысловасць, як сельская гаспадарка. Вылучыў грошы — атрымаў нейкае павелічэнне прыбыткаў, — дадае Дзяніс Марціновіч. — Галоўчанка мяркуе абсалютна лагічна з пункту гледжання эканомікі, але культура не працуе па гэтых законах.

Для таго каб нешта змяняць, патрэбна як мінімум сітуацыя дзясятых гадоў пры неўмяшанні дзяржавы. Быў адкрыты калідор для спонсараў. Быў фестываль “ТЭАРТ”. Цяпер фестывалю няма, грошы спонсарамі накшталт Белгазпрамбанка не выдаткоўваюцца. Ліквідаваная “АРТ Карпарэйшн”, якая праводзіла “ТЭАРТ” з праграмай, на якую не ўплывала дзяржава.

Тэатр і заробкі — гэта дыяметральна супрацьлеглае. І чыноўнікам трэба зразумець гэта. Дакладней, давядзецца зразумець, калі беларуская тэатральная галіна апынецца на мяжы выжывання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі