"Ствараецца штучны дэфіцыт": беларусы скардзяцца на нястачу будматэрыялаў
Усё ідзе на экспарт? / Еўрарадыё
"Знікаюць сілікатныя блокі, перабоі з пастаўкамі цэменту, цана вырасла!" — паведамляюць чытачы Еўрарадыё пра нястачу будматэрыялаў у Беларусі. Няўжо пачаўся крызіс і той жа цэмент, які ў краіне вырабляюць аж тры заводы, цяпер цяжка дастаць?
— Пытанне ў тым, што яны [Беларуская цэментная кампанія] цяпер грузяць дрэнна па Беларусі, спасылаюцца на нястачу вагонаў. Цэмент нібыта ёсць, але няма чым адправіць. Улетку яны ўсім зноў планы сапсавалі, — расказваюць у аддзеле забеспячэння прадпрыемства "Забудова". — У рэспубліцы, як бы сказаць, ствараецца штучны дэфіцыт. Хто яго стварае — сказаць складана.
Сітуацыя з цэментам такая: вакол Беларусі некалькі заводаў — у Літве, Латвіі, Украіне і ў Расіі. Сваіх у нас тры заводы — Крычаў, Краснасельск і БЦЗ. Дзесьці да чэрвеня месяца нас, "Забудову", без пытанняў закрываў БЦЗ, які ўваходзіць у Беларускую цэментную кампанію (БЦК).
Потым у іх пачаліся праблемы, звязаныя, па іх сцверджаннях, з рухомым саставам. Гэта значыць, за кошт таго, што яны грузяць нібыта на экспарт, абарот павялічыўся, і ім не стае вагонаў, каб адгрузіць цэмент па рэспубліцы.
І атрымліваецца, што яны паволі падсаджваюць нас. Не ведаю, ці ёсць у іх на сваіх заводах цяжкасці, але ў старонніх напружанасць паўстала. Таксама склалася дзіўная сітуацыя па Прыбалтыцы і Украіне: ім трэба атрымліваць разавыя ліцэнзіі на пастаўкі.
На сённяшні дзень "Забудова" можа абапірацца толькі на беларускага вытворцу.
— Наша прадпрыемства пакуль яшчэ ад гэтага "штучнага дэфіцыту" не пацярпела, але мы паволі падыходзім да таго моманту, калі цэменту не будзе. Беларускі вытворца нас пакуль яшчэ не спыніў, але калі ў сакавіку, дапусцім, быў астатак тры тысячы тон на складзе, то цяпер нарматыўны запас вагаецца дзесьці каля тысячы.
З 1 верасня набывае моц пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, закліканая затармазіць рост цэн на будматэрыялы. Як яна адаб'ецца на дзейнасці "Забудовы"?
— Калі пастанова якім-небудзь чынам на нашу прадукцыю цану абмяжуе, то, вядома, нам будзе цяжка. Таму што з пачатку года падаражэла ўся сыравіна. Вы ведаеце і пра драўніну, якая падскочыла ў тры разы, і пра метал, які падаражэў удвая. Цэмент і вапна паволі таксама даражэюць.
Еўрарадыё датэлефанавалася фірме-прадстаўніку прадпрыемства "Краснасельскбудматэрыялы". Мы паспрабавалі набыць трохі газасілікатных блокаў і куб цэменту.
— Россыпам цэменту няма наогул. Газасілікатных блокаў таксама няма. Іх усіх аддаюць на экспарт, краіне патрэбная валюта. Цяпер няма цэменту проста таму, што вагонаў няма для ўнутранага рынку, і таму, што ўсё на экспарт ідзе. Літва, Расія, Украіна, Румынія. Аддаюць за бясцэнак, — кажа нам супрацоўнік фірмы-прадстаўніка "Краснасельскбудматэрыялаў". — Праблема з цэментам пачалася прыкладна месяц таму. Растворабетонныя вузлы некаторыя стаяць, не могуць рабіць бетон. "Мінскжалезабетон" некалькі дзён стаяў, не мог рабіць ні плітку, нічога праз тое, што не было цэменту.
Другі варыянт, што няма саміх вагонаў, таму што ўсе вагоны таксама на экспарт вязуць. Усё дрэва вывозяць з Беларусі, цэмент вывозяць і блокі вывозяць. І няма вагонаў, на якіх можна прывезці цэмент з завода. А на сённяшні дзень цана за тону цэменту прыблізна 280 рублёў. Я вам скажу так: у дзяржаўнага завода ў траўні газасілікатны блок быў 91 рубель, а сёння Мінскі камбінат сілікатных вырабаў прадае за 130 з лішнім рублёў. Мала таго, яго нельга ўзяць па 130, людзі чакаюць месяцамі, каб узяць блокі. Блокаў у краіне няма. А калі б вы даведаліся цану газасілікатных блокаў, якія цяпер аддаюць на Расію, вы б вельмі здзівіліся: 71 рубель 50 капеек за куб. Драўляны паддон бясплатна.
Прадавец рэкамендуе нам пачакаць яшчэ некалькі месяцаў, маўляў, экспарт спыніцца і блокі з'явяцца.
— Калі ёсць магчымасць прытармазіць будоўлю, то пачакайце. Усё ўстаканіцца, і не таму, што яны там нейкую пастанову напісалі. Пісаць у кабінетах паперкі можна — гэта для таго, каб народ бачыў, што яны нешта робяць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.