Стваральнікі дадатку Masquerade заплацяць падаткі ў Беларусі
Беларускія распрацоўшчыкі, чый мабільны дадатак Masquerade набыў у сакавіку Facebook, заплацяць падаткі ад продажу кампаніі ў Беларусі. Пра гэта распавёў Яўген Няўгень, сузаснавальнік кампаніі, падчас канферэнцыі Venture Day Minsk 21 красавіка.
Дакладная сума падаткаў, як і кошт, які заплаціў Facebook беларусам, невядомыя, перадае партал dev.by.
Па ацэнцы беларускіх ІТ-бізнэсменаў, кошт MSQRD можа складаць ад 10 да 20 мільёнаў долараў.
Яўген Няўгень і Сяргей Ганчар, сузаснавальнікі Masquerade, які дазваляе накладваць разнастайныя эфекты на відэа- і фотавыявы асоб карыстальнікаў, яшчэ ў пачатку года зарэгістравалі ў ЗША кампанію Masquerade Technologies, Inc.
Навіна аб тым, што Facebook паглынае беларускі стартап, з’явілася ў пачатку сакавіка, але кошт трымаецца ў сакрэце. Па словах CEO Masquerade Яўгена Няўгеня, ён і Сяргей Ганчар — рэзідэнты Беларусі, а таму падаткі ад продажу сваёй амерыканскай кампаніі яны заплацяць на радзіме.