Сучасны мастацкі тэатр абвясціў пра часовае закрыццё: яму адмаўляюць у паказах
Пра часовае закрыццё абвясціў Сучасны мастацкі тэатр.
У сваім допісе ў Фэйсбуку артысты кажуць, што не могуць паказваць спектаклі без гастрольнага пасведчання ад Мінгарвыканкама. А гэты дакумент чыноўнікі ім не падпісваюць ужо два месяцы.
"Мы ўжо падавалі пяць разоў на дазволы, але знаходзіцца прычына на адмову. У выніку ў лістападзе мы паказалі адзін спектакль з сямі заяўленых дзён. На снежань адказу няма, хоць адміністратар удакладняе кожную раніцу і да канца працоўнага дня", — тлумачаць у СМТ.
Тэатр існуе 15 гадоў без дзяржаўнай падтрымкі. Ён ставіў свае спектаклі на Малой сцэне канцэрнтнай залы "Мінск".
Да сваіх гледачоў артысты звярнуліся з просьбай:
"Усе гэтыя гады мы выжывалі толькі за кошт сваёй дзейнасці, гэта значыць за кошт сваіх гледачоў і набытых імі квіткоў. На час наша дзейнасць спыняецца па не залежных ад нас прычынах. Мы спадзяемся, што знойдуцца разумныя людзі і змогуць патлумачыць, за што і чаму нам забараняюць працаваць. Ці хутка мы вернемся і калі пачнём паказваць спектаклі ? Пытанне застаецца адкрытым.
У сувязі з гэтым мы звяртаемся да нашых гледачоў з просьбай: калі вы можаце зараз не вяртаць білеты на нашы спектаклі і проста адкласці візіт у наш ТЭАТР да аднаўлення працы тэатра.
Вашы квіткі будуць сапраўдныя на спектаклі да снежня 2021 года".
Адзін з вядучых актораў тэатра Дзяніс Дудзінскі пасля падтрымкі мірных пратэстаў адбываў арышт на Акрэсціна. Сам тэатр пасля гэтага сталі выжываць з КЗ "Мінск".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.