Суд па справе Ігнатовічаў прызначаны на 20 лютага, 7-га іх высяляюць
20 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна адбудзецца разгляд справы аб высяленні сям'і Ігнатовічаў, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда. Пры гэтым яны ўжо атрымалі на рукі пастановы аб высяленні са свайго дома, яно адбудзецца 7 лютага аб 11-й гадзіне.
Неадпаведнасць звязаная з тым, што склад сям'і Ігнатовічаў змяніўся ўжо падчас першага разгляду іх справы, калі былы муж Галіны Ігнатовіч (яны развяліся 13 гадоў таму, але працягвалі жыць на супольнай плошчы) ажаніўся ў другі раз проста падчас працэсу. Новыя паседжанні павінныя ўлічыць змены ў складзе сям'і Ігнатовічаў.
"Для Бакіева ў Беларусі ёсць месца, а для мяне няма?"
"Я хацела выказаць пратэст. Супраць вось гэтага ўсяго, супраць высялення ў прымусовым парадку. Супраць невыканання законаў. Як гэта можа быць, што я не магу дайсці да апошняй інстанцыі? Гэта змова нейкая"
Справа сям'і Ігнатовічаў цягнецца ўжо тры гады. Іх дом знаходзіцца на тэрыторыі, дзе кампанія "Тапас" будуе жыллёвы комплекс "Алімпік-парк". Ігнатовічы незадаволеныя варыянтамі рассялення, якія ім прапаноўвае забудоўшчык, а Галіна Ігнатовіч са сваім былым мужам патрабуюць замест агульнай кватэры грашовыя кампенсацыі. Справа Ігнатовічаў набыла розгалас 31 студзеня, калі Галіна на знак пратэсту залезла на вежавы кран і патрабавала сустрэчы з кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. Яна мае намер падаць у суд на "Тапас" за ілжывую інфармацыю, якую, на думку Галіны Ігнатовіч, аб ёй распаўсюджвае забудоўшчык.