Суд перагледзіць справу хулігана, які збіў удзельніка гей-вечарыны

Справа аб збіцці Міхаіла Пішчэўскага будзе паўторна разгледжаная ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Такое рашэнне прыняла судовая калегія Мінскага гарсуда, якая 9 снежня разглядзела касацыйную скаргу маці пацярпелага. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавяла праваабаронца Таццяна Равяка.

Прысуд Лукашэвічу, якога асудзілі за збіццё Пішчэўскага, адмянілі. Пракурор прасіла судовую калегію павялічыць Лукашэвічу тэрмін пакарання да сямі гадоў пазбаўлення волі. А маці Пішчэўскага і адвакат прасілі перагледзець справу. Калегія пагадзілася з довадамі пацярпелага боку і адправіла справу на новы разгляд.

Нагадаем, сёлета 25 траўня Міхаіла Пішчэўскага моцна збілі на выхадзе з мінскага клуба, дзе праходзіла гей-вечарына. Нападнікі ўцяклі і з аркі суседняга дома назіралі за прыездам хуткай дапамогі і міліцыі. Там хлопцаў заўважыў адзін з відавочцаў. Ён сам затрымаў Лукашэвіча і перадаў яго міліцыі.

Лекары дыягнаставалі ў Пішчэўскага пералом чэрапа і кровазліццё ў мозг, каля 20% галаўнога мозгу прыйшлося выдаліць. Каля месяца пацярпелы праляжаў у коме.

16 кастрычніка суд Цэнтральнага раёна Мінска прысудзіў Лукашэвіча на два гады і восем месяцаў папраўчай калоніі. Акрамя таго, ён абавязаны кампенсаваць маральную шкоду ў памеры 100 млн рублёў.

Фота — novobel.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі