Суд разгледзіць справу аб блакіроўцы праваабарончага сайта "Вясна"
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч падаў скаргу на ўнясенне Генпракуратурай сайта ў спіс абмежаванага доступу.
Справу разгледзіць суд Цэнтральнага раёна Мінска, пачатак у 11.30.
Нагадаем, што Валянцін Стэфановіч атрымаў адказ на свой зварот у Генпракуратуру Беларусі. У прыватнасці, у ім паведамляецца, што дзеянні ад імя праваабарончай арганізацыі "Вясна", якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчаць беларускаму заканадаўству. Акрамя таго, за арганізацыю дзейнасці, альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Паведамлялася, што, "у сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 года вынесеная пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнэт-рэсурсу у спіс абмежаванага доступу, якая накіраваная ў РУП "БелДІЭ" для выканання".
Стэфановіч лічыць, што згодна з арт. 23 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб, і таму просіць суд прызнаць пастанову Генеральнай пракуратуры аб унясенні інтэрнэт-рэсурсу spring96.org у спіс абмежаванага доступу неправамернай і абавязаць Генпракуратуру адмяніць дапушчаныя парушэнні.
Фота — Delfi